Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаілу Марынічу прад’явілі канчатковае абвінавачаньне - колькі гадоў пагражае былому міністру і амбасадару?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаілу Марынічу прад’явілі канчатковае абвінавачаньне і прапанавалі азнаёміцца з крымінальнай справай напярэдадні яе накіраваньня ў суд. Між тым, адвакаты Міхаіла Марыніча лічаць, што суд ня мусіць прымаць такую справу з прычыны адсутнасьці ў ёй пэўных доказаў.

Абвінавачаньне Міхаілу Марынічу складаецца цяпер з чатырох эпізодаў. Былы міністар і амбасадар нібыта вінаваты ў незаконным захоўваньні зброі, крадзяжы маёмасьці й сакрэтных дакумэнтаў ды ў невяртаньні пячаткі. Гэтыя абвінавачаньні разам з матэрыяламі справы сьледчыя КГБ прад’явілі Міхаілу Марынічу для азнаямленьня. Яму было заяўлена, што пасьля справа трапіць у суд.

Паводле адваката Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч у адказ заявіў пратэст і сказаў, што ўлады помсьцяць яму за апазыцыйную дзейнасьць. Знаёміцца з крымінальнай справай Міхаіл Марыніч пачне на пачатку будучага тыдня. Вера Страмкоўская, ведаючы многія дакумэнты, скептычна ставіцца да судовай пэрспэктывы справы.

(Страмкоўская: ) “На маю думку, у суду няма падставаў для прыняцьця такой справы, таму што недастаткова доказаў віны чалавека, якога прыцягваюць да адказнасьці”.

Як ацэньвае абарона сабраныя супраць Марыніча доказы? Сьледзтва лічыць, што Міхаіл Марыніч незаконна захоўваў баявы пісталет. Між тым, на зброі ня знойдзена адбіткаў ягоных пальцаў, а сам Марыніч заяўляе, што пісталет яму падкінулі. Сакрэтны дакумэнт, які нібыта схаваў Міхаіл Марыніч, паводле Веры Страмкоўскай, даўно страціў тэрмін сваёй сакрэтнасьці. “Мы ўсе ведалі, што нашыя кампутары перавезьлі ў гараж сына Міхаіла Марыніча, бо нас выселілі з офісу”, — гэтак, паводле адваката, аднагалосна заяўляюць сябры арганізацыі “ Беларуская асацыяцыя дзелавой ініцыятывы” ў адказ на цьверджаньне сьледзтва, што кіраўнік асацыяцыі Марыніч скраў гэтыя кампутары. Што да нібыта няздадзенай пячаткі арганізацыі, адвакат сьцьвярджае, што няма судовага рашэньня аб яе закрыцьці.

Варта нагадаць, што пасьля арышту Міхаіла Марыніча ў красавіку сьледчыя падазравалі яго і ў падробцы грошай, але потым адмовіліся ад гэтага абвінавачаньня. Між тым, адабраныя падчас затрыманьня 90 тысяч даляраў Міхаілу Марынічу гэтак і не вярнулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG