Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкая суполка аматараў ірляндзкай культуры адзначыла чатыры гады свайго існаваньня


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Чатыры гады таму ў Наваполацку была заснаваная суполка аматараў ірляндзкай культуры. Гэта, калі не лічыць афіцыйнага таварыства “Беларусь-Ірляндыя” – адзіная ў краіне самадзейная суполка, сябры якой мэтанакіравана вывучаюць культуру народу, гістарычны лёс якога надта падобны да лёсу беларусаў. Згуртавалася ў ёй нацыянальна сьведамая моладзь, і на кельцкіх сьвятах, якія ладзяцца ў Наваполацку, гучаць ірляндзкія песьні й беларуская мова. Як адзначылі аматары ірляндзкай культуры ўгодкі сваёй суполкі?

Згаданыя ўгодкі супалі па часе са сьвятам Самайн – старажытным кельцкім Новым годам. Так што ў гарадзкі цэнтар нацыянальнай культуры сустракаць кельцкі Новы год прыйшлі бацькі і дзеці. Распавядае дванаццацігадовая Марына:

(Марына: ) “Кожны год на Самайн прыходзім я й мае сяброўкі. З кожным годам усё больш людзей цікавіцца гэтым сьвятам. Мы яго ладзім і ў школах, мы самі прыдумляем нумары. Напрыклад, сёлета будзем паказваць танцавальны нумар”.

Ірляндыя месьціцца на другім канцы Эўропы, ніякіх дачыненьняў у гістарычным пляне паміж беларусамі ды ірляндцамі не было. Але разам з тым нашыя краіны шмат у чым падобныя: той жа клімат, тыя ж балоты, тая ж бульба, тое ж панаваньне мовы вялікага ўсходняга суседа. Дарэчы, сама назва “Ірляндыя” – гэта ангельскі моўны варыянт. Краіна гэтая мусіць называцца Эйрэ. Усё гэта і зацікавіла наваполацкага інжынэра Ігара Мурашку – заснавальніка суполкі. Яму слова:

(Мурашка: ) “Як я толькі пачаў усьведамляць сябе беларусам, я стаў азірацца навокал у пошуках народу з такім жа гаротным лёсам, як і ў беларусаў. І аказалася, што такі народ існуе ў Эўропе – гэта ірляндцы. Там мы бачым таксама вялікага суседа з усходу, бясконцую чараду акупацыяў, войнаў, закалотаў. У выніку брытанскага панаваньня адбылося тое ж, што мы бачым і ў нашай гісторыі: заняпад ірляндзкай культуры ды мовы, нацыянальная дэградацыя.

Ірляндзкая культура наагул прываблівае людзей незалежна ад іх палітычных перакананьняў. На нашыя імпрэзы прыходзяць людзі рознага ўзросту, рознай адукацыі і розных перакананьняў”.

Апрача Самайну, суполка ладзіць вясновае сьвята вогнішчаў Белтрэйн, сьвята ўраджаю Лугнасад, ну а больш усяго народу зьбірае галоўнае ірляндзкае сьвята – дзень сьвятога Патрыка. Пачынаецца яно звычайна ў цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы, дзе гучыць кельцкая музыка, дэманструюцца відэафільмы, і заканчваецца ў піўніцы, за традыцыйным кухлем піва. Дадамо яшчэ, што Ігар Мурашка ўласным коштам выдае тарашкевіцай бюлетэнь “Shamrock” ( па-ірляндзку – ліст дзяцеліны, нацыянальны сымбаль Эйрэ). Ужо выйшла 11 нумароў бюлетэня.

Ці спрабавалі сябры суполкі наладзіць дачыненьні з ірляндзкімі культурніцкімі арганізацыямі? Самі яны такіх спробаў не рабілі, але пра чыннасьць суполкі даведаліся супрацоўнікі ірляндзкай амбасады ў Маскве. Адмыслова каб сустрэцца са спадаром Мурашкам на Віцебшчыну ня так даўно завітаў аташэ па культуры амбасады Ірляндзкай рэспублікі Джэймс О’Шы. Сам ён па адукацыі – славіст, збольшага ведае беларускую мову і, азнаёміўшыся зь бюлетэнем “Shamrock”, быў уражаны высокім узроўнем ведаў пра сваю краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG