Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец: “Я выступіў на Генэральнай Асамблеі ААН у пытаньні зьняцьця блякады з Кубы”


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец у складзе місіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ браў удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША. Адразу пасьля яго вяртаньня ў Менск зь ім гутарыў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Маё першае пытаньне да Мікалая Чаргінца: які будзе мець уплыў на Беларусь абраньне Джорджа Буша на пасаду прэзыдэнта ЗША?”

(Чаргінец: ) “Шчыра кажучы, мы адчулі, што народ краіны больш хацеў Буша. Мы гэта добра адчулі, хаця вельмі моцная вялася кампанія з боку Кэры.

Магчыма, прыйшоў момант, калі ЗША павінны зразумець, што час ультыматумаў прайшоў. Я выступіў на Генэральнай Асамблеі ААН у пытаньні зьняцьця блякады з Кубы. 179 краін супраць чатырох прагаласавалі за адмену гэтай блякады. Мы пра гэта вялі размовы з амэрыканскім бокам і знаходзілі паразуменьне. Як вядома, пазыцыя Беларусі палягае ў тым, каб са Злучанымі Штатамі былі наладжаныя як мага лепшыя адносіны”.

(Карэспандэнт: ) “А ці будуць нейкія канкрэтныя крокі з боку афіцыйнага Менску дзеля паляпшэньня стасункаў Беларусі са Злучанымі Штатамі?”

(Чаргінец: ) “Тут трэба ясна разабрацца, чаго хочуць ЗША ад Беларусі. Я за тое, каб як мага больш сустракаліся прадстаўнікі ЗША і Беларусі для таго, каб расставіць усе кропкі над “і”. Калі ёсьць слушныя парады, крытыка з боку ЗША, мы гатовыя выслухаць, сумесна думаць, як гэтага не дапускаць і выпраўляць.

Але ў той жа час мы хацелі, каб ЗША зразумелі, што зь іх боку дапускаецца шмат памылак, у тым ліку адносна Беларусі. А прэзыдэнцкія выбары ў ЗША паказалі, што далёка ня ўсё так дэмакратычна: і падрыхтоўка, і правядзеньне гэтых выбараў, асабліва падрыхтоўка і датэрміновае галасаваньне – значна горшае, чым у Беларусі. Гэта заўважылі ўсе сябры АБСЭ, але я баюся, калі яны будуць выказвацца афіцыйна, то, напэўна, напалохаюцца, ня скажуць. Хаця ўсе сябры АБСЭ, прадстаўнікі Нямеччыны, Турцыі, Румыніі і Альбаніі, зь неўразуменьнем успрынялі тое, што мы прыехалі, а нам кажуць: “Мы вас ня пусьцім”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж потым вас пусьцілі?”

(Чаргінец: ) “У дзень галасаваньня пусьцілі, а да галасаваньня нас прывезьлі ў штат Вірджынія і там наагул адмовіліся з намі размаўляць. Фэдэральныя ўлады даюць дабро, а потым адмаўляюць недзе на ніжэйшым роўні. Гэта выглядала, што проста займаюцца абалваньваньнем дэлегацыі АБСЭ. Усёй групай мы змаглі наведаць тры ўчасткі, загадзя падрыхтаваныя”.

(Карэспандэнт: ) “На чыім баку былі вашыя асабістыя сымпатыі: на баку Джона Кэры альбо Джорджа Буша?”

(Чаргінец: ) “Да Буша мы ўжо прывыклі, што ён жорстка абыходзіцца з тэрарызмам. Але хацелася б, каб пад сьцягам тэрарызму ён не пашыраў сваіх дзеяньняў. Так, у выступе ў паўднёвых штатах ён дапусьціў такое выказваньне, што зробіць з Кастра тое, што зрабіў з Садамам. Я гэта разглядаю не як заяву ці частку яго праграмы, а як агаворку. Але ў душы мне хацелася, каб менавіта Буш працягнуў працу, бо многія пытаньні вырашаны, і іначай можна было б паглядзець на стасункі паміж нашымі краінамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG