Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: “Калі апазыцыя ўсё ж такі разьлічвае на народ, за яго ёй яшчэ трэба доўга змагацца”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Віцебскі кур’ер” у сёньняшнім нумары друкуе нататкі пра дзень 7 лістапада. Адны працягваюць называць яго Днём вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, іншыя – Днём кастрычніцкага перавароту. Газэта падае гісторыю адзначэньня гэтага Дня у Віцебску. У савецкі час тысячы віцяблянаў штогод бралі ўдзел у дэманстрацыі працоўных. Чым была выклікана такая масавасьць? Ці насамрэч мела месца народная любоў да камуністычных лідэраў, пад чыімі партрэтамі дэманстранты крочылі па галоўнай віцебскай вуліцы? Дык вось, як вынікае з публікацыі, для шараговага люду 7 лістапада было хутчэй сямейным сьвятам, а не палітычнай падзеяй, зьвязанай з ухваленьнем бальшавіцкага гвалту й тэрору. А шмат хто й наогул разглядаў гэты дзень усяго толькі як дадатковую нагоду для звычайнай выпіўкі.

“Наша ніва” ў сьвежым нумары друкуе роздум пра пэрспэктывы дэмакратыі ў Беларусі пасьля нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму. Тое, што адбылося ў Беларусі 17 кастрычніка і пасьля яго, прымусіла, паводле штотыднёвіка, частку беларускага грамадзтва задумацца аб тым, што рабіць далей. На гарызонце – Фідэль Кастра ў цэнтры Эўропы, Куба бяз пляжаў і пальмаў, безнадзейнасьць даўжынёю ў жыцьцё. Як жыць і дзейнічаць у гэтай сытуацыі? Ці варта зноў хадзіць на выбары? Што рабіць у 2006 годзе? “Калі апазыцыя ўсё ж такі разьлічвае на народ, за яго ёй яшчэ трэба доўга змагацца” – вось адзін з адказаў, які чытачы “Нашай нівы” знойдуць на яе старонках. І гэтае змаганьне, як робіць выснову штотыднёвік, не такое й бясплённае, як можа падацца.

“Вячэрні Бабруйск” распавядае ў сьвежым нумары пра адметнасьці хлебнага рынку ў гэтым горадзе і яго ваколіцах. У прыватнасьці, Бабруйскі хлебазавод зараз напаткаў вытворчы крызыс. Паводле ягонага дырэктара, гэты крызыс справакаваны канкурэнтамі бабруйскага прадпрыемства, а менавіта тым, што хлебам у Бабруйску, апроч тутэйшага хлебазавода, гандлююць хлебавытворцы са Слуцку, Ялізава, Асіповічаў. У той жа час бабруйскі хлебазавод нібыта ня можа гандляваць сваёй прадукцыяй у іншых рэгіёнах Магілёўшчыны. І таму зараз Бабруйскі гарвыканкам, як вынікае з публікацыі газэты, вырашае, як абараніць мясцовае прадпрыемства ад чужынцаў-канкурэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG