ЛЁНДАН. Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро заявіў сёньня, што пераабраньне Джорджа Буша на другі тэрмін дало сьвету шанец на вырашэньне ізраільска-палестынскага канфлікту.
Камэнтар Стро прагучаў пасьля таго, як учора брытанскі прэм’ер Тоні Блэр сказаў, што будзе ціснуць на Буша ў справе Блізкага Усходу, бо ўсталяваньне міру ў гэтым рэгіёне ёсьць “найбольш значным выклікам ў цяперашнім сьвеце”.
Між тым, камэнтуючы пераабраньне Джорджа Буша, сябра ўраду Эўрапейскага зьвязу Гаўер Саляна заявіў:
(Саляна) “На маю думку, прэзыдэнцкія выбары ў ЗША прадэманстравалі, што амэрыканцы актыўна падтрымліваюць Джорджа Буша. Я вельмі спадзяюся, што супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі будзе працягвацца”.
Між тым гадзіну таму распачалася сустрэча Джорджа Буша з сябрамі ягонага кабінэту, у часе якой абмяркоўваецца плян дзеяньняў на наступныя чатыры гады.