Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны прафсаюз РЭПАМ праводзіць акцыю пратэсту супраць наступу ўладаў на прафсаюзны рух


Галіна Абакунчык, Менск 4 лістапада ў Менску й шэрагу іншых гарадоў Беларусі адбудуцца пікеты, якія праводзіць незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу – скарочана РЭПАМ. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу грамадзкасьці да фактаў ціску ўладаў на незалежны прафсаюзны рух і ягоных актывістаў.

Пікеты заплянаваныя ў Менску, а таксама абласных цэнтрах – Магілёве, Гомелі й Гародні. Перадусім, гэтая акцыя скіраваная ў абарону самога прафсаюзу, бо, як радыё Свабода, паведамляла раней, РЭПАМ ёсьць аб’яднаным прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу, які выйшаў са Складу Фэдэрацыі прафсаюзаў, і за гэта Міністэрства юстыцыі анулявала ягоную рэгістрацыю.

Акрамя таго, пікетоўцы будуць прыцягваць увагу грамадзянаў да фактаў дыскрымінацыі працоўных праз усеагульную кантрактызацыю, да фактаў незаконных звальненьняў актывістаў ды іншых прыкладаў перасьледу незалежнага прафсаюзнага руху з боку ўладаў.

Дарэчы, гарадзкія ўлады Менску спачатку дазволілі пікет каля плошчы Ванеева, а затым запатрабавалі ад заяўнікаў праводзіць акцыю толькі на тэрыторыі парку “50-годзьдзя Кастрычніка.” Вось як гэта пракамэнтаваў адзін з сустрашыняў забароненага прафсаюзу Аляксандр Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Баяцца таго, што мы прыцягнем увагу грамадзкасьці да таго, што адбываецца ў нас у Беларусі: незалежныя прафсаюзы на мяжы ліквідацыі. Фэдэрацыя прафсаюзаў – гэта не прафсаюз, гэта дзяржаўная арганізацыя, якая выконвае загады працадаўцаў і ўлады. Бо ў нас адзін працадаўца – Лукашэнка”.

Паводле спадара Бухвостава, не зважаючы на забароны, заяўнікі не намерваюцца адступацца ад ранейшых плянаў і выйдуць з пікетам на гарадзкую плошчу. Сваім удзелам у акцыі іх намерваюцца падтрымаць актывісты незалежнага прафсаюзнага руху, якія ўваходзяць у склад Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Як вядома, у кастрычніку адмысловая камісія Міжнароднай арганізацыі працы апублікавала справаздачу свайго візыту ў Беларусь, у якой гаворыцца пра факты перасьледу незалежных прафсаюзаў і ўмяшальніцтва ўладаў у прафсаюзны рух. Улады Беларусі афіцыйна ніяк на гэта не адрэагавалі, а нават узмацнілі, паводле актывістаў незалежнага руху, адміністрацыйны ціск на прафсаюзы. І гэта адбываецца на тле таго, што ў зьвязку з выяўленымі фактамі парушэньня статуту Міжнароднай арганізацыі працы, якая ёсьць падразьдзяленьнем Арганізацы аб’яднаных нацыяў, МАП намерваецца зьвярнуцца да краінаў Эўразьвязу з прапановай распачаць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.

Больш дакладна гэтае пытаньне будзе абмеркаванае ў часе паседжаньня Адміністрацыйнай рады, якая будзе разглядаць адмысловае пытаньне па Беларусі. Паседжаньне Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы адбудзецца 17 лістапада ў Жэнэве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG