Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адкрыцьцё помніка Васілю Быкаву прыйшлі каля тысячы чалавек (з фота)


Валянціна Аксак, Менск На менскіх Усходніх могілках 2 лістапада ўвечары ўрачыста адкрыты надмагільны помнік Васілю Быкаву. Надмагільным помнікам Васілю Быкаву родныя і сябры абралі невялікі сьветлы валун, дар з Хэльсынкі, на якім выбіты факсымільны подпіс пісьменьніка і даты ягонага жыцьця. На адкрыцьцё помніка прыйшлі каля тысячы чалавек.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцьця помніка паэт Генадзь Бураўкін сказаў, што Быкаў вельмі любіў камяні і сам быў, як яны, цьвёрды і надзейны. Таму ў гэтым валуне шмат сэнсу і надзеі.

(Бураўкін:) “Я думаю, што на той камень, які сёньня пастаўлены на магіле Васіля Быкава, будзе часта спускацца сонца і будзе непрыкметна прыходзіць час, каб абаперціся на гэты камень і падумаць і ўгледзецца ў той дзень, які будзе займацца над Беларусьсю. І спадзявацца, што нарэшце гэты дзень будзе радасным. Ну а тое, што гэты камень сьветлы, і што нават ноччу ён будзе сьвяціцца, мы з вамі павінны паклапаціцца”.

Валун на магілу Быкава – гэта дар гораду Хэльсынкі, дзе пісьменьнік на запрашэньне Фінскага ПЭН-цэнтру жыў некалькі апошніх гадоў.

На ўрачыстае адкрыцьцё помніка прыехаў зь Вільні амбасадар Фінляндыі ў Літве Ціма Лахельмэ. Вось як ён патлумачыў нашаму радыё, чаму ён сёньня прыйшоў да магілы Васіля Быкава.

(Лахельмэ: ) “Я атрымаў у Вільні запрашэньне і адразу вырашыў, што трэба прыехаць, каб ушанаваць памяць вялікага пісьменьніка. Для Фінляндыі, для нашага ўраду, для фінскага народу, мы лічым, што гэта вельмі важная культурная імпрэза”.

Апрача фінскага на цырымоніі прысутнічалі амбасадары ўсіх эўрапейскіх краінаў, акрэдытаваных ў Беларусі, а таксама амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Крол.

Ніводнага афіцыйнага прадстаўніка ад беларускіх уладаў не было.

Да магілы Быкава прыйшлі родныя, сябры, вядомыя грамадзкія дзеячы, простыя чытачы – каля тысячы чалавек. У іх рукох кветкі, сьвечкі і нацыянальныя сьцягі, якія ярка вылучаліся нават у вечаровым змроку.

І ў гэтым віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас убачыў глыбокую сымбалічнасьць лёсу краіны і асабістага шляху Быкава.

(Тарас: ) “У канцы кожнага крыжовага шляху – усё ж такі сьвятло, сьвятло надзеі, сьвятло шчасьця. Гэтае сьвятло ў канцы крыжовага шляху нашага Васіля гарыць і сёньня ў гэтых сьвечках і ў нашых сэрцах. І так будзе заўсёды”.

***

Фотаздымкі з адкрыцьця помніка:





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG