Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх аўтааматараў хочуць перасадзіць на іранскія легкавікі – “Пайканы”


Ігар Карней, Менск Абвешчана пра чарговую спробу арганізаваць у Беларусі вытворчасьць легкавых аўтамабіляў. Гэтым разам стратэгічным партнэрам абраны Іран, які разглядае свабодную эканамічную зону “Мінск” у якасьці сваёй зборачнай пляцоўкі.

Зь беларускага боку мэмарандум аб стварэньні ў Беларусі зборачнага цэху іранскай кампаніі “Іранхадроў” (Iran Khodro) падпісаў старшыня камісіі ў грашова-крэдытнай палітыцы палаты прадстаўнікоў Аляксей Ваганаў. Спадар Ваганаў колісь ужо быў пастаўлены на рэалізацыю праекту з амэрыканскай кампаніяй “Форд”, які з прычыны нерэнтабэльнасьці давялося заўчасна згарнуць. Працоўная група, створаная пад сумесны праект, ужо расказала пра пляны адаптацыі да Беларусі нацыянальных іранскіх аўтамабіляў “Саманд” і “Пайкан”, а таксама ліцэнзійных легкавікоў, сярод якіх “Пэжо-Пэрсія” ды іншыя.

Кіраўніца менскай кампаніі ў продажы амэрыканскіх і японскіх аўтамабіляў Аляксандра Тарлоўская днямі вярнулася з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і на ўласным досьведзе пераканалася, што тэхналёгіі з гэтага рэгіёну нельга аўтаматычна перанесьці ў Эўропу.

(Тарлоўская: ) “Дзе гарантыі таго, што мы здолеем іхныя стандарты ўжыць да нашых? Для тых жа Эміратаў робіцца спэцапрацоўка аўтамабіляў з улікам вельмі гарачага клімату. У нас клімат зусім іншы. Да таго ж, Беларусь ніколі не займалася легкавым аўтамабілебудаваньнем, адпаведнага досьведу проста няма. Але пераймаць досьвед у Ірану? Сумнеўны нейкі экспэрымэнт. І калі прафэсійна займацца аўтамабілебудаваньнем, то толькі з тымі, хто гэта ўмее рабіць. Паглядзіце, колькі каштуюць рэклямныя акцыі ўсясьветна вядомых вытворцаў, якія грошы яны ўкладаюць у прасоўваньне сваёй маркі. А тут спрабуюць прасунуць увогуле невядома што!”

На думку спадарыні Тарлоўскай, у цяперашніх варунках увогуле няма сэнсу ствараць падобны зборачны цэх, таму што патрыманыя аўтамабілі з Эўропы абыходзяцца нашмат таньней пры відавочна высокай якасьці.

А вось прадпрымальнік Андрэй Клімаў, які напачатку 1990-х нават абвясьціў конкурс на праект першага нацыянальнага аўтамабіля, моцна сумняецца, што ўвогуле гаворка ідзе пра стварэньне сумеснай вытворчасьці. Як ён выказаўся, рыхтуецца чарговая эканамічная камбінацыя:

(Клімаў: ) “Калі ўсплываюць падобныя праекты, трэба глядзець глыбей. Усплывае не Паўдзённая Карэя, якая робіць самыя танныя і папулярныя аўтамабілі. Не Японія — асноўны інвэстар у сьвеце. Не Эўразьвяз, які пераносіць свае магутнасьці ў менш дарагія рэгіёны... Што такое Іран? Гэта нафта, карысныя выкапні, якія краіна вымушаная прадаваць у абыход рынкаў, падкантрольных Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Ні Іран, ні Беларусь не ўваходзяць у лік краінаў, якія ўдзельнічаюць у гандлёвых апэрацыях WТО. Таму Лукашэнка шукае новых партнэраў. Чым гэта скончыцца? Магчыма, “карыта” нейкае для паказу зробяць. Але тое, што ў аснове стасункаў ляжыць не вытворчасьць аўтамабіляў, не жаданьне задзейнічаць прамысловы патэнцыял Беларусі — гэта відавочна”.

Ці ўдасца пераканаць беларускіх аўтааматараў, што іранскія легкавікі з экзатычнымі назвамі “Пайкан” ці “Саманд” лепшыя за звыклыя ўжо машыны нямецкіх ды францускіх марак? Гандляры аўтамабілямі гавораць пра гэта з пэсымізмам, але прадстаўнікі ўладных структураў абяцаюць хуткую рэалізацыю праекту.

На фотаздымку: Paykan 1600, Iran
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG