Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды шэсьцем да Курапатаў прайшло каля 500 чалавек


Ганна Соусь, Менск У дзень памяці продкаў – Дзяды – каля 500 чалавек прайшлі шэсьцем да ўрочышча Курапаты. Улады забаранілі сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ праводзіць ва ўрочышчы жалобны мітынг, і таму ўдзельнікі шэсьця прачыталі ва ўрочышчы малітву, усталявалі крыжы й прасьпявалі “Магутны Божа”.

Каля дзесяці кілямэтраў прайшлі пешшу ўдзельнікі шэсьця. Людзі несьлі крыжы, бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі, плякаты з надпісамі “Ўшануем памяць ахвяраў Курапатаў”, “Не – вынікам рэфэрэндуму”. Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная разам з усімі ішла пешшу да Курапатаў.

(Кляшторная: ) “Сёньняшні дзень для мяне спакойны, такі лагодны. Я бачу, што шмат людзей ідзе на Курапаты”.

Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў ужо шаснаццаты раз бярэ ўдзел у шэсьці да Курапатаў.

(Трусаў: ) “Па-першае, гэта першае дазволенае шэсьце пасьля рэфэрэндуму. І вельмі важна, што нягледзячы на ня вельмі добрае надвор’е прыйшло шмат людзей, і што мяне цешыць – шмат моладзі. І, карыстаючыся нагодай, хачу запрасіць усіх слухачоў Радыё Свабода ў аўторак а 17-й гадзіне прыйсьці на ўшанаваньне памяці Васіля Быкава на яго магілу. Там будзе асьвячэньне помніку, які падарылі беларусам фіны”.

Думку Алега Трусава працягвае старшыня Беларускага ПЭН-цэтру Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Я колькі гадоў удзельнічаю ў шэсьцях на Дзяды, і гэта ўжо лічыцца рытуальнай рэччу. А тым больш калі гэтую ўладу даўно ажыцьцяўляюць нашчадкі тых, хто зьнішчаў людзей у Курапатах”.

Упершыню за шмат гадоў улады не дазволілі праводзіць у Курапатах жалобны мітынг. Сябры КХП-БНФ, якія падавалі заяўку, даведаліся пра адмову літаральна за некалькі дзён да сёньняшняга дня. Гаворыць намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

(Беленькі: ) “Забаронены мітынг, прамаўленьне, але ўлады разумеюць, што забараніць людзям на могілках памінаць загінуўшых, маліцца, запальваць сьвечкі, класьці кветкі – гэта недапушчальна”.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў зьвярнуўся да людзей, якія прыйшлі ў Курапаты, з наступным заклікам.

(Папкоў: ) “Мітынг не дазволены, і няма як сказаць пра тое, што творыцца ў нас у Беларусі. І мы зараз з вамі ўсімі прачытаем малітву “За Беларусь”, каб чулі душы нашых беларусаў, забітых расейскімі энкавэдзістамі тут у Курапатах.

(Людзі: ) “Божа Ўсемагутны, адхіні напасьці ад Бацькаўшчыны нашай Беларусі, захавай на вякі-вечныя край вольным...”

Пасьля малітвы людзі прасьпявалі “Магутны Божа” і ўсталявалі ва ўрочышчы некалькі дзесяткаў крыжоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG