Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры дні да выбараў рэйтынгі Буша й Кэры зраўняліся


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Застаюцца тры дні да выбараў Прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. Паводле сацыёлягаў, рэйтынгі Джорджа Буша і Джона Кэры зраўняліся. З тых, хто пойдзе галасаваць на выбары, толькі пяць адсоткаў ня вызначыліся ў сваіх сымпатыях. За іх і йдзе цяпер барацьба паміж кандыдатамі. Між тым, стаў вядомы зварот лідэра Аль-Каеды Бін Лядэна, які выказаў пагрозы ў бок Амэрыкі.

Можна сказаць, што інфармацыя пра заяву Бін Лядэна адбілася на перадвыбарчых настроях амэрыканцаў нязначна. Канешне, відэароліку зь Бін Лядэнам былі аддадзеныя першыя сюжэты тэленавінаў, і сёньня амэрыканскія газэты друкуюць кадры з гэтага сюжэту – але справа ў тым, што і ўся цяперашняя кампанія праходзіць зь першага дня пад знакам змаганьня з тэрорам, пад лёзунгамі – адвесьці пагрозу ад Амэрыкі.

Да таго ж, некалькі дзён таму зьявілася відэастужка, дзе чалавек у мусульманскай хустцы заяўляе, што “вуліцы будуць залітыя крывёю, што Амэрыка будзе сумаваць жахліва, бо ня здолее падлічыць колькасьць ахвяраў”. Паводле экспэртаў ЦРУ і ФБР, якія правялі аналіз тэксту заявы, чалавек на стужцы мае вялікі лексычны запас ангельскай мовы. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў ЗША. Называюць нават, зь вялікай доляй верагоднасьці, ягонае прозьвішча – гэта жыхар Паўночнай Караліны, якога ўжо падазравалі ў сувязях з Аль-Каедай. Аднак дзе ён цяпер знаходзіцца – невядома.

Такім чынам, на працягу трох дзён – дзьве заявы, прычым адна зь іх – ад самога Бін Лядэна. І Буш, і Кэры адразу ж адрэагавалі на гэта. Буш сказаў, што тэрарыстам “ня ўдасца запалохаць Амэрыку”, а Кэры заявіў, што Амэрыка ўмацоўвае адзінства, і што асабіста ён зробіць усё, каб знайсьці альбо нават зьнішчыць Бін Лядэна. У гэтых словах назіральнікі адчулі намёк на тое, што Бушу так і не ўдалося за тры гады пасьля 11-ага верасьня злавіць гэтага лідэра тэрарыстаў.

Аднак пасьля заявы Бін Лядэна ня быў зьменены узровень небясьпекі – ён не зрабіўся аранжавым, як можна было б чакаць. Хаця спэцслужбы прыведзеныя ў падвышаную гатоўнасьць.

Праўда, што датычыць вялікіх гарадоў кшталту Нью-Ёрку, дык гэта адбылося б і без пагрозаў Бін Лядэна – Амэрыка рыхтуецца адзначаць Гэлаўін, на вуліцы Нью-Ёрку выйдуць сотні тысячаў людзей. Такія мерапрыемствы заўсёды могуць быць прыцягнуць увагу патэнцыйных тэрарыстаў і таму належным чынам ахоўваюцца, асабліва ў апошнія гады.

Будзем спадзявацца, аднак, што нічога экстрэмальнага ня здарыцца, і што нэрвовае напружаньне застанецца прэрагатывай выключна Буша й Кэры ды іх камандаў, якім ужо нядоўга засталося чакаць дня выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG