Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША наведаў Курапаты


Ганна Соусь, Менск Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол наведаў урочышча Курапаты напярэдадні Дзядоў. 30 кастрычніка ва ўрочышчы адбылася апошняя талака перад Днём памяці продкаў.

Прыехаўшы сёньня ў Курапаты, я сустрэла ва ўрочышчы амэрыканскага амбасадара Джорджа Альбэрта Крола. Мы размаўляем зь ім, стоячы побач з мэмарыяльным знакам “Народу Беларусі ад народа Злучаных Штатаў дзеля памяці” – гэтак званай “лавы Клінтана”. Дарэчы, у 1994 годзе спадар Крол прыяжджаў у Беларусь разам зь Білам Клінтанам і браў удзел у цырымоніі адкрыцьця памятнага знаку ў Курапатах.

(Крол: ) “Я быў тут у той час, калі прэзыдэнт Клінтан быў у Курапатах у 1994 годзе. Канешне, гэта памяць, гэта блізка сэрцу амэрыканцаў, асабліва такіх, як я, які прысутнічаў падчас той падзеі. Я ведаю, што былі праблемы з гэтым помнікам. Пры маім папярэдніку Майклу Козаку памятны знак быў адноўлены. Канешне, гэта вечны сымбаль спачуваньня паміж нашымі народамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, а сёньня чаму Вы прыйшлі ў Курапаты?”

(Крол: ) ”Паглядзець на гэтае месца. Цяпер час думаць пра ахвяры. Паўсюль, ня толькі ў Беларусі, але й паўсюль у сьвеце, у Эўропе… А таксама паказаць маёй новай намесьніцы і ейнаму мужу гэты помнік”.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол пагутарыў з удзельнікамі талакі, якія сёньня працавалі ў Курапатах. Актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прыбіралі тэрыторыю ўрочышча да Дня памяці продкаў. Гаворыць Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Тут амаль усё ўжо зроблена. Проста паглядзім, як людзям лепш прыйсьці й прайсьці тут па алеі Курапатаў, зайсьці да сьвятых месцаў – першага крыжа “Пакутнікам Беларусі” ўнізе і тут наверсе, дзе будуць адбывацца асноўныя падзеі. Запрашаю заўтра ў 10.30 прыйсьці да мэтро “Парк Чалюскінцаў”. Каля гадзіньнікавага заводу – пачатак шэсьця ў Курапаты. Усё падрыхтавана для гэтага шэсьця. Людзі прыйдуць з крыжамі, з кветкамі, са сьвечкамі. Я думаю, што мы годна адзначым гэтае сьвята Дзядоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG