Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка праігнараваў вайсковы парад у Кіеве?


Валер Каліноўскі, Менск Сярод лідэраў краінаў СНД, запрошаных на сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны, на трыбуне вайсковага параду ў Кіеве Аляксандра Лукашэнкі не было. Беларускі кіраўнік нечакана вярнуўся ў Менск адразу пасьля ўчорашняга ўрачыстага сходу з удзелам Леаніда Кучмы, Уладзімера Пуціна, Ільхама Аліева.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі ўвогуле ня згадваюць пра заўчаснае вяртаньне А.Лукашэнкі з Кіева, тэлебачаньне трансьлюе ўчорашнія кадры зь ягоным удзелам, і ствараецца ўражаньне, што нібыта ён застаецца разам з У.Пуціным, Л.Кучмам ды І.Аліевым у Кіеве. Між тым, прэсавая сакратарка беларускага кіраўніка Натальля Пяткевіч пацьвердзіла, што А.Лукашэнка яшчэ ўчора вярнуўся ў Менск, і сёньня ў яго шэраг рабочых сустрэчаў, праўда, не паведамляецца, якіх.

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт і не плянаваў удзельнічаць у парадзе. У яго быў аднадзённы візыт толькі на 27-е чысло”.

Такім чынам, калі не лічыць пратакольных мерапрыемстваў, то фактычна ў Кіеве А.Лукашэнка сустрэўся толькі зь лідэрам украінскай кампартыі Пятром Сіманенкам, ягоным даўнім прыхільнікам. Гэта непараўнальна з праграмай знаходжаньня ў Кіеве таго ж Уладзіміра Пуціна. Менскі палітоляг Аляксей Кароль так тлумачыць нечаканы ад’езд Лукашэнкі з Кіева:

(Кароль: ) “Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з адносінамі да тых падзеяў, якія адбыліся ў Беларусі падчас рэфэрэндуму і выбараў. Магчыма, што той падтрымкі, таго адабрэньня, якіх Лукашэнка мог чакаць ад Пуціна і Кучмы падчас сваіх сустрэчаў ва Ўкраіне, Лукашэнка не атрымаў, і не атрымаў ніякіх прэфэрэнцыяў на будучае сваіх адносінаў зь імі”.

Аляксей Кароль кажа, што гэтую вэрсію пацьвярджае і той факт, што Лукашэнка ня меў у Кіеве асабістай сустрэчы з У.Пуціным. Акрамя таго, спадар Кароль упэўнены, што нельга выключаць, што гэта і своеасаблівы адказ Лукашэнкі на ігнараваньне Пуціным і Кучмам ягонага запрашэньня на сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ў Менску. Лідэры Расеі і Ўкраіны тады наведалі толькі Хатынь і Курган Славы.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч называе падобны падыход А.Лукашэнкі несур’ёзным для дзяржаўнага дзеяча:

(Шушкевіч: ) “Відавочна, кампанія яму не падыходзіць. Я думаю толькі, што не яму, а ім. Што да Пуціна, то ён як чалавек яго цярпець ня можа, але Лукашэнка яму тут патрэбен, а што да Кучмы, то, можа, ён псуе ягоны перадвыбарчы імідж”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG