Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплывае візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў на вынік прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Кіеў, каб разам з Уладзімерам Пуціным і некаторымі іншымі лідэрамі краінаў СНД узяць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны. Гэтыя падзеі адбываюцца напярэдадні выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Ці можа паўплываць Аляксандар Лукашэнка на пазыцыю ўкраінскіх выбаршчыкаў?

Кіеўскі палітоляг, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Празрыстая палітыка” Аляксандар Дзергачоў упэўнены, што цяперашняя ўкраінская ўлада спадзяецца на тое, што Лукашэнка разам з Пуціным уздымуць рэйтынг уладнага кандыдата Віктара Януковіча.

(Дзергачоў: ) “Узьнікае больш аб’ёмнае вымярэньне таго, што адбываецца. Адна справа — гэта Пуцін, а іншая — шырэйшы фармат, таму што цяпер улады ў нас прапагандуюць ня толькі збліжэньне і асаблівыя адносіны з Расеяй, але й ідэю “саюзу трох братніх усходнеславянскіх народаў”.

Спадар Дзергачоў кажа, што Лукашэнка можа знайсьці сымпатыі з боку Кіева, бо ўкраінскія афіцыйныя СМІ трактавалі рэакцыю Захаду на беларускі рэфэрэндум як ціск і ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. І зьявіўся нават элемэнт сумеснага процістаяньня Захаду. Аднак ад падтрымкі Лукашэнкі Януковіч мала што атрымае, бо ўсе, каго ён мог завабіць сваёй прарасейскай палітыкай, і так падтрымліваюць яго.

(Дзергачоў: ) “Такім чынам, і прыезд Пуціна, і прыезд Лукашэнкі рэальна мала што дадае, таму што ўсё і так канцэнтравана”.

Аляксандар Дзергачоў лічыць, што ў выпадку, калі сцэнар дзейнай украінскай улады будзе рэалізаваны, Украіна, як і Беларусь, патрапіць у ізаляцыю.

Уладзімер Краўчанка, аглядальнік аналітычнага тыднёвіка “Дзеркало тижня”, таксама лічыць, што прыезд Лукашэнкі не падвысіць рэйтынгу Януковіча. Наадварот, калі Лукашэнка зробіць нейкія заявы на ягоную карысьць, то большасьць адукаваных людзей успрыме гэта нэгатыўна.

(Краўчанка: ) “На мой погляд, прыезд Лукашэнкі ва Ўкраіну — гэта такая спроба “разбавіць” прысутнасьць Уладзімера Пуціна ва Ўкраіне. Уплыў Лукашэнкі ва Ўкраіне ня вельмі вялікі, хоць многія ўкраінцы маюць ілюзіі адносна жыцьця беларусаў”.

Кіеўскі аглядальнік Уладзімер Краўчанка не выключае, што ўкраінская ўлада паспрабуе ўжыць і так званы “беларускі сцэнар” масавых фальсыфікацыў выбарчага працэсу.

Першай афіцыйнай асобай, зь якой сустрэўся Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве, стаў не прэм’ер Віктар Януковіч, а іншы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр Кампартыі Ўкраіны Пятро Сіманенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG