Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў беларусаў попыт на каштоўныя мэталі й камяні?


Юлія Шарова, Менск Нацбанк плянуе прадаваць насельніцтву ня толькі золата, але й іншыя каштоўныя мэталі. Такую заяву зрабіў старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч. Неўзабаве беларусы змогуць набываць срэбныя й плятынавыя зьліткі, а таксама каштоўныя камяні.

Калі насельніцтву пачнуць прадаваць тыя каштоўнасьці – дакладна невядома. Магчыма, нейкая пэўнасьць у гэтым пытаньні будзе бліжэй да новага году, калі Пётр Пракаповіч абяцаў трымаць больш падрабязную справаздачу наконт напрацоўкі банку каштоўных мэталяў.

(Пракаповіч: ) “Так, мы сёньня рыхтуем пытаньне пра тое, каб пашырыць сфэру продажу каштоўных мэталяў. Разам з золатам мы будзем прадаваць і срэбра, і плятыну, то бок – любыя каштоўныя мэталі, якія карыстаюцца найбольшым попытам у сьвеце, у тым ліку й нашаму насельніцтву. Тут пытаньні знаходзяцца на стадыі сфармаваньня неабходнай нарматыўнай базы і падрыхтоўкі фізычных аб’ёмаў, то бок зьліткаў, якія можна было б прадаць насельніцтву”.

Што да попыту насельніцтва на каштоўнасьці, то ён можа быць даволі высокі – тут вельмі паказальны прыклад з золатам. За гэты год Нацбанк прадаў ужо больш за 300 кіляграмаў залатых зьліткаў насельніцтву й камэрцыйным банкам. Найбольшай папулярнасьцю карысталіся дзесяціграмовыя мерныя зьліткі. Мяркуючы па ўсім, срэбра, плятыну й каштоўныя камяні будуць таксама набываць зь вялікай ахвотай.

Ці ёсьць набыцьцё каштоўнасьцяў выгадным укладаньнем грошай на сёньняшні дзень? Сёньня, калі даляр перастаў быць стабільным, а нацыянальная валюта таксама хістаецца, стала сапраўды выгадна набываць каштоўныя мэталі: яны не баяцца інфляцыі ды заўсёды ў цане, пры любой эканамічнай ды палітычнай абстаноўцы.

Да таго ж у беларусаў нядаўна зьявілася магчымасьць класьці золата пад працэнты ў банк. “Інфабанк” нядаўна ўвёў новую паслугу – мэталічныя ўкладныя рахункі ў золаце. Замест грошай у банк можна зьмясьціць мерны зьлітак і атрымліваць зь яго працэнты. Пакуль такая паслуга ёсьць толькі ў адным банку, але іншыя ўстановы таксама зацікаўленыя ў тым, каб яе ўвесьці. Ня выключана, што на іншых каштоўнасьцях таксама можна будзе зарабляць грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG