Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Казлоўскі: “Беларускае войска застаецца на галодным пайку”


Алесь Дашчынскі, Менск 26 кастрычніка ў Маскве пройдзе сумесная калегія міністэрстваў абароны Беларусі й Расеі, у якой прыме ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з міністрам Леанідам Мальцавым.

Паводле афіцыйных крыніцаў, на паседжаньні будзе зацьверджаны плян вайсковай супрацы на 2005 год. Сумесная калегія разгледзіць выкананьне праграмы вайскова-тэхнічнага ўзаемадзеяньня. Ніякай іншай інфармацыі ў прэсавай службе беларускага вайсковага ведамства не паведамляюць. Прэсавы сакратар міністэрства абароны Леанід Захаранка падкрэсьліў, што гэтая калегія плянавая, і цягам некалькіх апошніх гадоў яна праводзіцца, звычайна, вясной – у Менску, а восеньню – у Маскве.

Абедзьве краіны дэманструюць рашучасьць нарошчваць супрацу ў вайсковай

сфэры. Раней была прынятая так званая вайсковая дактрына саюзнай краіны, у рамках якой пры надзвычайнай сытуацыі павінна функцыянаваць рэгіянальная групоўка ў 300 тысяч вайскоўцаў, фармуецца адзіная сыстэма проціпаветранай абароны, рэалізуецца сумесны абаронны заказ, у Расеі навучаюцца беларускія афіцэры. Але ці можна казаць пра пасьпяховую інтэграцыю ў вайсковай сфэры? Гэтае пытаньне да былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага.

(Казлоўскі: ) “Любую дактрыну рэалізаваць – патрэбны таксама грошы вялікія. Гэта не зусім рэалізуецца, калі няма грошай. У расейскай і ў беларускай арміі гэта праблема. Прэзыдэнт Пуцін прыняў рашэньне, каб войску выдзеліць больш сродкаў, але гэта расейскаму войску, а беларускае як было на галодным пайку так яно і ёсьць на галодным пайку”.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пагражаў расейскаму боку, што ён выставіць шматмільённыя рахункі за паслугі ў вайсковай сфэры. Ці пойдзе гаворка пра гэта ў часе працы калегіі двух міністэрстваў?

Раней беларускія чыноўнікі згадвалі ў гэтай сувязі найперш два расейскія стратэгічныя аб’екты – радыялякацыйную станцыю блізу Ганцавічаў і пункт упраўленьня падводнымі лодкамі ля Вілейкі. Згадвалася таксама, што выдаткі Беларусі на ўтрыманьне сыстэмы проціпаветранай абароны, якая засланяе расейскія заходнія межы, складаюць амаль 40 мільёнаў даляраў штогод. Ці ўзгадаюць прадстаўнікі Беларусі гэтыя фінансавыя прэтэнзіі – пытаньне да прэсавага сакратара міністэрства абароны спадара Захаранкі.

(Захаранка: ) “Гэта не пытаньне вайскоўцаў. Вайскоўцы вырашаюць вайсковыя пытаньні, палітыкі вырашаюць палітычныя пытаньні.Усё”.

Ці апраўдвае сябе разьлік беларускага боку на Расею ў справе мадэрнізацыі войска? Экспэрты прыводзяць такі факт – расейскі міністар абароны абяцаў здаваць у арэнду Беларусі новыя сыстэмы проціпаветранай абароны, але да справы пакуль не дайшло. Зноў жа, няма сродкаў для такіх вельмі затратных рэчаў, як пераўзбраеньне арміі. Нават у пытаньні адзінай сыстэмы проціпаветранай абароны расейскі бок настойвае на каапэратыўным падыходзе: абедзьве краіны павінны плаціць за гэтую сыстэму. Таму спадар Казлоўскі абвяргае цьверджаньні аб тым, што беларускае войска сёньня – самае баяздольнае ў Эўропе.

(Казлоўскі: ) “Калі Лукашэнка заяўляе, што мы мадэрнізавалі самалёты, сыстэмы проціпаветранай абароны, стварылі машыну для выведкі – ну, мы стварылі яе ў адным экзэмпляры, у Эміраты вазілі на выставу й гэтак далей. Але больш экзэмпляраў няма, яна толькі як экспанат ёсьць, гэтая мадэрнізаваная машына для выведкі. А ад экспаната дайсьці да выпрабаваньня ў войску і даць на ўзбраеньне ў войска гэта – ой які шлях, асабліва калі няма грошай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG