Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава і каталіцкі касьцёл пасьля рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск (эфір 22 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экпэртыза Свабоды”.

Як адрэагавала каталіцкая супольнасьць Беларусі на вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі й кардынала Казіміра Сьвёнтэка, як разьвіваюцца адносіны каталіцкага касьцёлу зь дзяржавай, якія чакаюцца пэрспэктывы, ці зьвязаныя абяцаньні А.Лукашэнкі каталікам зь нядаўнім рэфэрэндумам аб працягу ягоных паўнамоцтваў? У перадачы бяруць удзел каталіцкі актывіст, парафіянін менскага касьцёлу Сьвятога Роха Мікола Гракаў, былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін з Горадні, менскі палітоляг Юры Шаўцоў.

(Валер Каліноўскі: ) “Каталіцкі касьцёл у Беларусі зьяўляецца другой па колькасьці вернікаў канфэсіяй. Цяпер налічваецца 430 каталіцкіх парафіяў у чатырох дыяцэзіях, дзясятак кляштароў, дзьве духоўныя сэмінарыі. Унёсак каталіцтва ў духоўную і культурную спадчыну Беларусі сапраўды неацэнны. Але толькі ў мінулы чацьвер прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка ўпершыню сустрэўся з кіраўніцтвам касьцёлу Беларусі. Нагодай стаў 90-гадовы юбілей кардынала Казіміра Сьвёнтэка. Такім чынам, прапаную абмеркаваць, як разьвіваюцца адносіны дзяржавы і касьцёлу ў Беларусі. Погляд знутры прашу прадставіць каталіцкага актывіста, парафіяніна менскага касьцёлу Сьвятога Роха Міколу Гракава”.

(Мікола Гракаў: ) “Мне цяпер напэўна лягчэй казаць, таму што ў чацьвер адбылася сустрэча Яго эмінэнцыі кардынала Казіміра Сьвёнтэка, галавы каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Сапраўды гэта была першая сустрэча такога ўзроўню ў такім фармаце, якая характарызуе, на мой погляд, пацяпленьне адносінаў паміж каталіцкім касьцёлам і прадстаўнікамі нашай улады. Таму што да гэтага часу, як мне падаецца, не настолькі атмасфэра была спрыяльная з боку дзяржавы для нармальнага функцыянаваньня каталіцкага касьцёлу”.

(Каліноўскі: ) “Спадар Гракаў, чым выкліканае такое пацяпленьне? Напрыклад, рэфэрэндум засьведчыў іншыя вынікі грамадзкага разьвіцьця апошнім часам?”

(Гракаў: ) “Тут, напэўна, патрэбна добра разьдзяляць грамадзкае і рэлігійнае жыцьцё. На мой погляд, гэта нармальны працяг адносінаў, якія, можа быць, нейкі час былі папросту замарожаныя на нейкім пэўным узроўні, і цяпер адбыўся такі прарыў. Я ня ведаю, чаму менавіта цяпер, пасьля рэфэрэндуму, калі, здавалася б, ніякая агітацыя непатрэбная. Тым ня менш, можна сапраўды сказаць, што гэта вельмі прыемнае для нас здарэньне, тое, што нарэшце зьвярнулі ўвагу на настолькі вялікім, высокім узроўні на патрэбы каталікоў у Беларусі. Мне здаецца, што гэта пачатак нармальнага папросту супрацоўніцтва паміж каталіцкім касьцёлам і дзяржаўнымі структурамі”.

(Каліноўскі: ) “Ці хацеў бы каталіцкі касьцёл, як і праваслаўная царква ў Беларусі, заключыць дамову зь беларускай уладай, так званы канкардат?”

(Гракаў: ) “Наколькі мне вядома, ніякія пытаньні наконт канкардату цяпер папросту не стаяць на парадку дня. Канкардаты калісьці заключаліся Піем ХІ нават з Мусаліні — і часта дасюль ставяць у папрок каталіцкаму касьцёлу, што як маглі ісьці на нейкія такія дамовы. Я разумею гэтыя аналёгіі, можа быць, цяперашнія. Цяпер пытаньне аб канкардаце не стаіць, тыя адносіны, якія існуюць цяпер, гэта нармальныя адносіны супрацоўніцтва, якія павінны існаваць, і нічога больш за гэта”.

(Каліноўскі: ) “Дзякуй Міколу Гракаву, які прадстаўляе беларускамоўную частку каталіцкай грамады Беларусі. А зараз я хачу зьвярнуцца да прадстаўніка польскамоўнай яе часткі былога старшыні Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна. Мікола Гракаў толькі што сказаў, што цяпер пачалося пацяпленьне ў адносінах дзяржавы і касьцёлу. Спадар Гавін, вы пагаджаецеся з гэтым? Па чыёй віне гэтыя адносіны былі дрэннымі й ці змогуць яны палепшыцца ў будучым?”

(Тадэвуш Гавін: ) “Па-першае, я не лічу, што гэта пацяпленьне, а па-другое, адносіны паміж касьцёлам і беларускай дзяржавай могуць палепшыцца толькі ў сапраўды дэмакратычнай і незалежнай беларускай дзяржаве, у якой будуць выконвацца правы чалавека, правы асобы. Тое, што спадар Лукашэнка сустрэўся зь Яго эмінэнцыяй Казімірам Сьвёнтэкам, — гэта для мяне асабіста прыклад таго, што ўрад і асабіста Лукашэнка адчуваюць, што яны перабольшылі ў выніках рэфэрэндуму, і тое, што ім там “намалявалі” яго вэртыкальшчыкі, гэта выклікае пэўнае абурэньне ў людзей, людзі ведаюць, што гэта падман. І Лукашэнка пайшоў на гэта, каб нейкім чынам выпусьціць гэты пар, нейкім чынам зрабіць захад да каталікоў, каб ім проста спадабацца, каб паказаць, што ён урэшце пачне займацца і каталікамі. Гэта папулісцкі ход, я перакананы ў тым, што гэта такая хвілёвая падзея, за якой абсалютна нічога ня будзе, ня будзе ніякіх канкрэтных захадаў”.

(Каліноўскі: ) “Спадар Гавін, давайце зірнем на сытуацыю з большай гістарычнай пэрспэктывы. Чаму так сталася, што ў адрозьненьне ад Польшчы, дзе ў 1980-х гадах касьцёл стаў апірышчам для людзей, якія дамагаліся дэмакратыі й цярпелі ад рэпрэсіяў, касьцёл у Беларусі гэткім апірышчам ня стаў?”

(Гавін: ) “У гэтым няма нічога дзіўнага. Мы, палякі, тут у Беларусі па сваёй мэнтальнасьці мала чым адрозьніваемся ад беларусаў. Мы ўсе вырасьлі на гэтай зямлі й атрымалі аднолькавыя і выхаваньне, і адукацыю. Каталіцкі касьцёл на Беларусі знаходзіцца ў меншасьці, тут прэвалюе праваслаўная рэлігія. Калі б яна была такім рухавіком змаганьня за свабоду, за дэмакратыю, за незалежнасьць дзяржавы, за беларускую мову ў царкве, то тады яна б служыла такім прыкладам для іншых рэлігіяў у Беларусі. А паколькі каталіцкі касьцёл (я не хачу нікога абразіць) і ў сваёй барацьбе, калі ён адраджаўся, і цяпер, ён абапіраецца на польскую нацыянальную меншасьць, а гэта не зьяўляецца заданьнем нацыянальных меншасьцяў, — барацьба за дэмакратычныя вартасьці…

Умяшальніцтва ў палітыку выклікае і ў сьвятароў, і ў біскупаў пэўнае нежаданьне, бо гэта не задача касьцёлу, асноўная, барацьба за гэтыя вартасьці. Мы таксама перабольшваем ролю каталіцкага касьцёлу і ў Польшчы. Там таксама падчас “Салідарнасьці” ня цалкам увесь касьцёл падтрымліваў яе. Асобныя ксяндзы, асобныя біскупы падтрымлівалі гэтую барацьбу польскага народу за свае правы. Таму спадзявацца на тое, што касьцёл павінен тут быць такім каталізатарам, генэратарам пераменаў у дзяржаве і ў барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэньні, не выпадае”.

(Каліноўскі: ) “Дзякуй, спадар Гавін. А зараз я зьвяртаюся да палітоляга Юрыя Шаўцова, які не належыць да каталіцкае грамады, ягоны погляд як бы звонку. Юры, яшчэ напярэдадні рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь мітрапалітам Філарэтам і называў праваслаўе галоўнай беларускай царквой. Цяпер ён гаворыць пра дзьве асноўныя. Ці можна заўважыць тут нейкі прагрэс ва ўяўленьнях А.Лукашэнкі?”

(Юры Шаўцоў: ) “Гэта не прагрэс, тут проста няма супярэчлівасьці. Уся канцэпцыя, калі можна так сказаць, дзяржаўнай канфэсійнай палітыкі складаецца з падтрымкі традыцыйных цэркваў супраць нетрадыцыйных. Аляксандар Лукашэнка не даваў ніякіх падставаў думаць, што ён адмаўляецца ад словаў на падтрымку праваслаўя. Ён казаў пра падтрымку каталіцкай царквы як другой. Мне падаецца, што тут трэба зьвярнуць увагу, можа, на іншы бок, на кантэкст, у якім адбылася такая падзея, як сустрэча Лукашэнкі й Сьвёнтэка. Цяпер нельга сказаць, што Лукашэнка зрабіў гэта дзеля галасоў выбаршчыкаў, бо выбары і рэфэрэндум ужо прайшлі. Мы мелі сплянаваную досыць даўно беларускую лінію адносна беларускай палітыкі на Захадзе ў прынцыпе. Бо Беларусь упершыню за дзесяць гадоў атрымала ў Польшчы нейкую грамадзкую падтрымку. На выбары да нас у якасьці назіральнікаў прыехалі Лепэр і прадстаўнікі Лігі польскіх сем’яў, досыць пракаталіцкай арганізацыі.

Хутчэй за ўсё, цяпер адбываецца фармаваньне на захадзе ад Беларусі, перш за ўсё ў Польшчы, нейкай грамадзкай групы традыцыяналістаў, схільных да каталіцызму, якія разглядаюць Беларусь і Лукашэнку як адну з формаў супраціву лібэральнай цывілізацыі Эўропы і лібэралізму як гэткаму. І вось менавіта зьяўленьне гэтага новага фэномэну, сымпатыі польскіх ці проста каталіцкіх фундамэнталістаў да Беларусі, гэта, можа быць, паспрыяла і больш цёпламу стаўленьня да каталіцызму ўнутры Беларусі. З другога боку, падчас усіх перадвыбарчых кампаніяў у Беларусі каталіцкая грамада галасавала за Лукашэнку. Толькі ў першыя гады пасьля 1994 году каталіцкія раёны паказвалі ня тое што апазыцыйнае стаўленьне да Лукашэнкі, але ня так яны падтрымлівалі Лукашэнку, як на Магілёўшчыне ці на Гомельшчыне. Цяпер, калі паглядзець на вынікі выбараў апошніх гадоў, сытуацыя прыкладна зраўнялася. Я думаю, што гэта таксама спрыяе зьмене стаўленьня кіраўніцтва Беларусі да каталікоў”.

(Каліноўскі: ) “Юры, як вы мяркуеце, чаму ўсё-такі пасьля рэфэрэндуму адбылася гэтая сустрэча, чаму не да яго? Ці проста была нагода — юбілей Казіміра Сьвёнтэка?”

(Шаўцоў: ) “Я магу безумоўна памыляцца, бо хочацца сказаць, што Казімір Сьвёнтэк і кіраўніцтва касьцёлу не захацелі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі з такой дэманстратыўнай сустрэчай. Але ў кожным разе, тое, што Лукашэнка прыйшоў да іх пасьля рэфэрэндуму, сьведчыць пра тое, што яму патрэбная падтрымка каталіцтва і пасьля рэфэрэндуму, у новай зьнешнепалітычнай сытуацыі, якая склалася. Я думаю, перш за ўсё пасьля пратэсту Злучаных Штатаў і Эўропы супраць вынікаў рэфэрэндуму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG