Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса цытуе Фішэра і піша пра мажлівыя захады датычна Беларусі


Ул. інф. “Урад Нямеччыны разам з партнэрамі па Эўразьвязе і АБСЭ абмяркуе неабходныя захады, якія маглі б садзейнічаць ўмацаваньню грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, ды таксама ўмацаваньню павагі да правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы”, — гэтыя словы з заявы кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ФРН Ёшкі Фішэра цытуюцца сёньня ў перадавым артыкуле “Frankfurter Allgemeine” і на першых старонках іншых уплывовых нямецкіх выданьняў. Цяперашнюю ўвагу Бэрліна да падзеяў у Беларусі нямецкія назіральнікі называюць надзвычай вялікай. Газэты знаёмяць сваіх чытачоў зь меркаваньнямі й заявамі іншых вядомых нямецкіх палітыкаў і ўрадоўцаў.

Клаўдыя Рот, старшыня партыі нямецкіх зялёных, сябрам якіх, дарэчы, зьяўляецца і міністар Ёшка Фішэр, у адмыслова зробленай заяве запатрабавала ад калегаў па Бундэстагу і ад нямецкага ўраду стаць на бок беларускіх апазыцыянэраў — “тых прыгнечаных людзей, для якіх існуе рэальная пагроза гвалтоўнага ўціску”.

Паводле дэпутата Бундэстагу ад Свабоднай нямецкай партыі, аўтарытэтнага экспэрта па правах чалавека Райнэра Функе, апошнія беларускія падзеі чарговы раз даказалі ўсю слушнасьць вызначэньня Беларусі як “апошняй дыктатуры Эўропы”. Спадар Функэ заклікае Бэрлін і Брусэль зрабіць усё неабходнае, каб барацьба за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі не была гвалтоўна зьнішчана. Паводле Райнэра Функе, калі Бэрлін і Брусэль хочуць рэальна дапамагчы Беларусі, яны мусяць дзейнічаць праз Маскву. Менавіта ў руках Пуціна, які зацікаўлены ў стратэгічным партнэрстве з Эўразьвязам, знаходзіцца ключ да Беларусі.

Такога ж меркаваньня прытрымліваецца і сябра Бундэстагу ад фракцыі ХДС/ХСС Георг Шырмбэк. Эўразьвяз мусіць рашуча і выразна артыкуляваць свае пазыцыі як Менску, так і Маскве, — перакананы нямецкі хрысьціянскі дэмакрат. Пакуль жа Крэмль кпіць з Захаду, заяўляючы, што вынікі рэфэрэндуму адлюстроўваюць волю беларускага народу.

Як вынікае з адмысловай заявы дакладчыцы фракцыі ХДС/ХСС па Беларусі Клаўдыі Нольтэ, хрысьціянскія дэмакраты і хрысьціянскія сацыялісты падтрымліваюць адкрыцьцё замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь, якое ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на СМІ павінна даваць нэўтральную і аб’ектыўную інфармацыю пра беларускія падзеі, а таксама інфармаваць беларусаў пра каштоўнасьці й задачы Эўразьвязу. Сярод іншых, падтрыманых нямецкай апазыцыяй прапановаў, — увядзеньне шэрагу санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму, а менавіта — візавая забарона для высокіх менскіх кіраўнікоў ды замарожваньне іхных замежных рахункаў.

Тым часам сябра кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі Ута Цапф лічыць, што да пытаньняў увядзеньня санкцыяў супраць Беларусі трэба падыходзіць вельмі ўзважана. Паводле яе, беларускі кіраўнік і так максымальна ізаляваў сябе ад Захаду. Іншая справа, што аўтаматычна ў выніку санкцыяў у ізаляцыю паглыбляецца і беларускае грамадзтва. “Трэба ня толькі падтрымаць апазыцыю, але яшчэ і абараніць яе”, — перакананая Ута Цапф.

Мяркуецца, што кіроўная партыя Бундэстагу і нямецкая парлямэнцкая апазыцыя распачнуць абмеркаваньне беларускага пытаньня цягам найбліжэйшых тыдняў.

Гл. таксама • Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр: Выбары ў Беларусі ніякім чынам нельга ахарактарызаваць як свабодныя і справядлівыя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG