Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч працягвае галадоўку


Алесь Кудрыцкі, Менск У Ваўкавыску другі дзень галадае Андрэй Шантаровіч — галоўны рэдактар “Местной газеты”. Ён пратэстуе супраць таго, што 14 кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад газэты на месяц.

Віктар Казлоў, памочнік міністра інфармацыі, заявіў, што міністэрства ня зьбіраецца рэагаваць на галадоўку пратэсту, падставай для якой сталі рашэньні міністэрскіх чыноўнікаў.

(Казлоў: ) “Гэта яго асабістая справа. Вырашыў галадаць чалавек, чаму мы павінны выказвацца на гэты конт”.

У сваёй заяве аб пачатку галадоўкі Андрэй Шантаровіч паведамляў пра тое, што ў Міністэрстве інфармацыі яму прапаноўвалі напісаць пакаянны ліст. Спадару Казлову пра гэта нічога невядома.

(Казлоў: ) “Першы раз пра гэта чую”.

Андрэй Шантаровіч называе прычыны прыпыненьня выхаду газэты надуманымі. А што мяркуюць на гэты конт у міністэрстве?

(Казлоў: ) “Ну, ва ўсялякім выпадку, ён жа сваім чытачам не расказвае, за што. Здаецца, не. Усё, што я чытаў з гэтай нагоды – там ні слова пра гэта не гаворыцца. А вось няхай бы расказаў”.

Рэдактар прыпыненай “Местной газеты” адрэагаваў на такую прапанову наступным чынам:

(Шантаровіч: ) “Вось гэта кляс! Вы ведаеце, справа ў тым, што для мяне не навіна, што Міністэрства інфармацыі можа трактаваць па-свойму ўсялякія ўсячыны. Я спрабаваў запытвацца ў іх: растлумачце, калі ласка, на якой падставе мяне зачынілі. Я разумею: загад, але я ў ім мала што разумею, таму што там ёсьць відавочныя рэчы, напрыклад, што Ваўкавыск ня лічыцца беларускай тэрыторыяй. Там ёсьць такія нюансы, што проста сьмешна ад іх”.

Разам з тым, Андрэй Шантаровіч настроены на перамогу.

(Шантаровіч: ) “Вельмі шмат людзей жадаюць далучыцца да галадоўкі, ня толькі рэдакцыя, а людзі ў горадзе, чытачы. Людзі, якія разумеюць, што з закрыцьцём нашай газэты ў іх зачыняецца апошняе вакно ў сьвет”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG