Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар ваўкавыскай газэты распачаў галадоўку


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску абвесьціў галадоўку Андрэй Шантаровіч — галоўны рэдактар “Местной газеты”. Ён пратэстуе супраць прыпыненьня на месяц выхаду сваёй газэты. Папярэджаньне выданьню і загад аб прыпыненьні выйшлі ў адзін дзень — 14 кастрычніка. Андрэй Шантаровіч зьвязвае гэта з выбарамі й рэфэрэндумам. У перадвыбарную кампанію было шмат парушэньняў, ён езьдзіў, здымаў ўсё на відэа і зьбіраўся апублікаваць гэтыя матэрыялы.

Калі выбары і рэфэрэндум скончыліся, Андрэй Шантаровіч вырашыў наведаць Міністэрства інфармацыі й паспрабаваць аднавіць выпуск “Местной газеты”.

(Шантаровіч: ) “Я быў учора ў міністэрстве, яны мне сказалі: калі вы цяпер напішаце пакаянны ліст, то мы пойдзем да міністра і, магчыма, скароцім тэрмін, на які прыпынена газэта. Я ня ведаю, чаго яны ад мяне хочуць: любіць “бацьку”, не любіць “бацьку”? Я сказаў: я такога ліста пісаць ня буду”.

А прыпынена газэта таму, што выходзіць толькі на Гарадзеншчыне, а павінна распаўсюджвацца па ўсёй краіне, у міністэрстве яшчэ не спадабаўся артыкул аб прыпыненьні “Новой газеты Сморгони”. І былі яшчэ дзьве зусім дробныя тэхнічныя зачэпкі. Андрэй Шантаровіч сказаў, што зьбіраецца галадаць, пакуль ня выканаюць ягоных патрабаваньняў.

(Шантаровіч: ) “Да таго часу я буду галадаць, пакуль ня будзе адменены загад аб прыпыненьні газэты, пакуль Ваўкавыскі райвыканкам ня дасьць дазволу на разьмяшчэньне рэдакцыі, пакуль ня будзе разгледжана пытаньне аб парушэньнях на выбарах і рэфэрэндуме, пакуль не перастануць з нас зьдзекавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG