Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэфэрэндум сфальсыфікаваны. Колькі мне сёньня прыйшлося размаўляць зь людзьмі, то яны або не хадзілі, або галасавалі “супраць”.


RFE/RL Водгукі слухачоў – 19 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) (1) “Дзень добры, шаноўнае панства. Хацеў дазваніцца да “Голасу Амэрікі”, але не атрымалася. Таму хачу сказаць усім людзям сьвету, што выбары ў Беларусі былі хлусьнёй. Большасьць беларускага народа – супраць дыктатара Лукашэнкі. Мы за незалежнасьць, за дэмакратыю, за Эўраатлантычны зьвяз, за чалавечае жыцьцё. А Лукашэнка для Беларусі – гэта страшная сьмерць з касою, забівае й рабуе беларускі народ, зьніштажае ўсю Беларусь. І тое самае можа адбыцца й на Ўкраіне, калі на выбарах пераможа Януковіч, які таксама – страшная сьмерць з касою для Ўкраіны. Прашу ўкраінскі народ прагаласаваць за праўдзівага чалавека і сапраўднага ўкраінскага патрыёта – Юшчанку. Юшчанка спыніць гэтую страшную сьмерць і абароніць жыцьцё ўкраінскага народа, і збудуе кветную, свабодную Ўкраіну. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) (2) “Шаноўнае панства “Радыё Свабоды”! Я й мая жонка на выбары не хадзілі ўвогуле. Мы падтрымалі рашэньне беларускага лідэра Зянона Пазьняка, які гаворыць ісьціну – толькі байкот можа спыніць гэтую сьмерць з касою ў выглядзе Лукашэнкі. Выйшла, што сьмерць атрымала падтрымку, тым, што шматлікія людзі Беларусі ўсё-такі пайшлі на выбары. І не істотна, што яны прагаласавалі “супраць” – яны самі дапамаглі сьмерці забіваць нас. Пакуль ня позна, апомніцеся ўсе й аб’яднайцеся вакол Зянона Пазьняка. Наш лідэр – ён, і ён мусіць быць прэзыдэнтам Беларусі. І наконт выбараў, тое, што я ведаю: на дзяржаўных прадпрыемствах і ў дзяржаўных арганізацыях з пагрозамі прымушалі ісьці на галасаваньне; у чацьвер усім у паштовы скрыні паклалі газэты “Савецкая Беларусь” з партрэтамі Лукашэнкі і надпісамі “галасуй за”; да старых людзей, якія па нейкіх прычынах не змаглі прыйсьці на выбары, прыяжджалі й казалі галасаваць “за”; многія людзі не хадзілі на выбары, але за некаторых галасавалі іншыя людзі; і мноства іншых парушэньняў. Так што ўсе гэтыя выбары – хлусьня. Ганьба Расеі, і яшчэ раз – ганьба Расеі, якая прызнала хлусьлівыя выбары. Я яшчэ раз паўтараю: у Беларусі – дыктатура з камуністычна-фашысцкім тварам. У такой краіне спадзявацца на праўдзівыя выбары немажліва. Дзякую за ўвагу, жыве Беларусь і свабода!”

(Спадарыня: ) “Добры вечар. Я хачу выказаць свае меркаваньні. Рэфэрэндум сфальсыфікаваны. Колькі мне сёньня прыйшлося размаўляць зь людзьмі, то яны або не хадзілі, або галасавалі “супраць”. А пачула па радыё, што 87%, ці 77% – гэта няпраўда. Я з армейцамі гаварыла, і нават міліцыянты гаварылі, што прымушалі галасаваць “за”, але яны галасавалі “супраць”. На працы вельмі многія кіроўцы не хадзілі галасаваць. Не хадзілі галасаваць таксісты. І я ня ведаю, адкуль такі вялікі адсотак яўкі. Канешне, старыя былі на нашым выбарчым участку ў бібліятэцы № 11, але маладых было вельмі мала, і ніякага буфэту, ніякага сьвята – у буфэце стаялі 3 бутлі вады й колькі чакалятак і бутэрбродаў. Але гэта – Бог зь ім, дома паямо; але ж ніхто і ня радаваўся, і не сьпяваў, што рэфэрэндум радуе дужа нас. Так што ўсё гэта – няпраўда, і мы чакаем, калі будзе сьвята й на нашай вуліцы, а ня так, як было на “Дажынках” у Ваўкавыску, калі сустракалі прэзыдэнта фанфарамі”.

(Валеры Грычук: ) “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. На жаль, зараз будзе ўжо палярная ноч на Беларусі. Але, усё ж такі, крыніцай энэргіі зьяўляюцца тыя сумленныя людзі, якія сёньня выйшлі на плошчу. Будзем спадзявацца, што такіх людзей будзе ўсё больш і больш. Але хацеў бы сказаць, што кіраўнік дзяржавы парушыў найперш Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь – артыкулы 190, 383, 424. І гэта абсалютна – тым больш, што гэта зьвязана з рашэньнем Вэнэцыянскай камісіі. І вельмі шкада, што “Радыё Свабода” не надало ўвагі паседжаньню АБСЭ, дзе больш падрабязна гаварылася пра стандарты. Ну, а зараз, я лічу, трэба, каб мы, сумленныя грамадзяне, пачалі акцыю. Мы памятаем усіх тых людзей, якія зфальшавалі выбары, дапамаглі гэтай злачыннай уладзе захавацца найдалей. Павінны ведаць і іх дзеці, і іх унукі. Трэба зрабіць “Кнігу памяці”. Усяго найлепшага”.

(Спадар: ) “Народ давярае Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, і я дужа рады. А калі давярае народ – значыць, народу добра жывецца. А вы пастаянна абліваеце гразёю Беларусь, абліваеце гразёю Александра Рыгоравіча Лукашэнку, і нічога з гэтага ня выйшла. Дык што ж, хлопцы, ваш “дзядзька Сэм” з Вашынгтона вашу пайку зьменшыць! Хі-хі-хі! І зьменшыць сур’ёзна! [Шэраг непрыдатных для публікацыі выразаў] Ха-ха-ха! Я б вас ўсіх павыганяў! Здраднікі!”

(Спадар: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Хачу павіншаваць сваіх суайчыньнікаў з тым, што сёньня раніцай мы прачнуліся літаральна ў новай краіне, у якой назва – “Быдларусія”. Таму што нават амаль 50% ад усіх выбарцаў нашай краіны ўсё ж такі падтрымалі гэты шабаш. Таму што мы сапраўдныя “быдларусы”, і нічога нас болей не хвалюе, чым кавалак сала і шклянка гарэлкі. Што ж, гісторыя, канешне, працягваецца, і жыцьцё не сканчаецца. Але ж мы ўсяму сьвету яшчэ раз даказалі, што мы – сапраўдныя “быдларусы”. Сорамна, крыўдна, балюча, але што ж зробіш. Выбачайце”.

(Спадарыня: ) “Калі застанецца ў сіле рэфэрэндум, то ад Беларусі будзе дужа кепскае ўражаньне, будзе “чыстка” ўсіх іншадумцаў. І, можа быць, усё скончыцца грамадзянскай вайною. Трэба толькі ліквідаваць гэты рэфэрэндум. Дужа моцна зараз народ перажывае, маральна. На тварах – нібы пахавалі некага. У траншпарце, пры сустрэчах у крамах людзі замкнуліся, нібы зьніклі. Увесь прыход з мэтай “не” рэфэрэндуму яны абярнулі ва “ўсе – за”. Вось так у нас падбіраюць пад аднаго чалавека ўсе падзеі. “Дэмакратычная краіна”, “кветная” наша!”

(Слухач: ) (1) “Добры вечар. Даражэнькае “Радыё Свабода”! Ужо думаў, што ня будзе нагоды выказваць сваё абурэньне. Але глядзіце самі: дзьве гадзіны таму ў перадачы навінаў расейскай тэлевізіі пра здарэньне з Паўлам Шараметам паведамлялася, што гэта, маўляў, бачылі сьведкі, і яны выклікалі міліцыю. Ад вас жа вось – пяць хвілін таму – чую, што Павел Шарамет быў зь нейкай жанчынай, і гэтую бойку бачылі міліцыянты, якія таксама ў нейкім будынку прысутнічалі, і яны выбеглі… Ну дык дзе праўда? Дзьве крыніцы, і такія ўжо разыходжаньні. Каго слухаць? Я ўжо неяк казаў пра гэтую журналісцкую этыку. Як вы працуеце? Дзе вы шукаеце крыніцы? Што вы пляцеце адзін аднаму, чмурыце гэтых людзей? Навошта гэта ўсё рабіць? Няўжо ж няможна ці пачакаць, ці нешта ўдакладніць, ці выказаць сумнеў у нечым? Паслухаеш – гэтыя так кажуць, другія – гэтак. У каго больш сумленьня? Як той казаў: “Куды податься бедному крестьянину?”

(Слухач: ) (2) “Але чаго я гэтак ужо раззлаваўся? Аж сьмех бярэ. Тут жа афіцыйнае радыё паведамляла – 107 ужо дэпутатаў, а Лукашэнка па тэлевізіі выступае, кажа пра 108. Бачыце, пад адным дахам – і то ня могуць разабрацца. Каму гэта цікава? Ну, выбачайце”.

(Спадар з Капыльскага раёну: ) “Тэлефаную наконт звальненьня нашага старшыні. Гэта калгас, былы “Новы сьвет”. Тут такі “беспрадзел” творыцца, я вас прашу – па гэтым нумары ператэлефанаваць мне – дужа вас прашу, дужа прашу”.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Я прашу вас перадаць тыя словы, якія я зараз скажу. Бо на ранак я пачуў тое, што казаў Лукашэнка: “На выбарчы ўчастак ішоў мой народ”. Дык вось, я кажу яму: “Я – ня твой народ, і мільёны – не твае. Ды фашыст ты – вусы пагалі пад Гітлера”.

(Пэнсіянэрка зь Менску: ) “Добры дзень. Я галасавала на 48-м выбарчым участку, школа № 131. Я галасавала “супраць”. Думаю, што няшмат людзей прыйшло галасаваць – людзі яшчэ на “сяльгасработах”, ну і, ня ўсе “за”. Я асабіста ня супраць прэзыдэнта самаго – бо я мала разьбіраюся ў палітыцы й г.д., а супраць тых парадкаў, якія ўстаноўлены ў мэдыцыне. Я неаднойчы тэлефанавала і пісала наконт гэтага пытаньня, і мяркую, што “Радыё Свабодзе” трэба ўдзяліць увагу гэтаму пытаньню. Сёньня склалася такое становішча, калі хворы ня можа атрымаць дапамогі, а доктар ня можа працаваць – усё на пратаколах і ўсё на цыркулярах. Гэта вельмі істотнае пытаньне, і я думаю, “Радыё Свабодзе” трэба ім заняцца – гэта багатая глеба для дзейнасьці. Дзякую”.

(Сямён Ліцьвінаў: ) “І, усё-такі, адкажы, “Свабода”, нам – нашчадкам рэпрэсаваных, рабам савецкай дыктатуры, пераможаным. Ці не залішне ўвагі ў гады кіраваньня Лукашэнкі ўдзяляецца заслугам ветэранаў 2-й Сусьветнай вайны, абаронцам дыктатуры? Ці не залішні гонар іх нашчадкаў за перамогу вялікую над ворагамі нашай сыстэмы, саюзьнікамі немцаў, прывёў да зьмяненьня артыкулу нашай Канстытуцыі і ўзмацненьню ўлады вертыкалі? Дзякую”.

(Спадар: ) “Выбары, якія прайшлі ў Беларусі, цалкам няправільныя, падтасаваныя. Чаму Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум? Таму, што ён баіцца адказнасьці за зьдзейсьненае. Гэта на яго сумленьні – сьмерць многіх людзей, у тым ліку палітыкаў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага. Усе мы гэта разумеем. Але ўлада, якая зараз у руках у Лукашэнкі, ня можа даць нам права і слова “veto” сказаць па радыё і тэлебачаньні. Няправільныя выбары. Падтасоўка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG