Што тычыцца Цэнтральнай выбарчай камісіі, то і яна пакуль ніякіх зьвестак не мае. Учора, ва аўторак, прадстаўнікі ЦВК паехалі ў рэгіёны. Там яны забіраюць пратаколы акруговых выбарчых камісіяў з вынікамі рэфэрэндуму й выбараў у Палату. Заадно яны атрымаюць і пратаколы вылучэньняў у верхнюю палату. А папярэдне Цэнтарвыбаркам інфармацыю адносна Савета Рэспублікі не зьбіраў.
Як паставілася да гэтай кампаніі апазыцыя? Падобна, што цалкам яе праігнаравала. І на думку першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімера Нісьцюка, зрабіла вялікую памылку.
(Нісьцюк: ) “Думаю, што адной з самых вялікіх памылак палітычных партый было тое, што за рэфэрэндумам і выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вылучэньне ў верхнюю палату было проста незаўважанае. І ніхто гэтай кампаніяй не займаўся. Але ж мы маем цяпер каля 150 дэпутатаў мясцовых саветаў, якія зьяўляюцца дэмакратамі не толькі па назьве, але і па сваіх дзеяньнях, па сваіх перакананьнях. І таму гэтай кампаніяй трэба было займацца. Зараз, зразумела, ужо позна нешта казаць.
Канешне, гэтая кампанія – вельмі важная. Таму што калі разглядаць выбарчую кампанію у Беларусі, то разглядаць яе трэба комплексна: рэфэрэндум, палата і вышэйшая палата. Канешне, мы змарнавалі час на тое, каб усімі намаганьнямі прасунуць кагосьці ў Палату прадстаўнікоў, хаця разумелі, што гэта наўрад ці адбудзецца. А пра вышэйшую палату забыліся”.
Пасьля правядзеньня рэфэрэндуму й палатных выбараў няма ніякіх спадзяваньняў на тое, што ў Савет Рэспублікі можа патрапіць хаця б адзін дэмакрат – хіба што Лукашэнка прызначыць яго сваім указам. Ёсьць жа цяпер у складзе верхняй палаты людзі, якія пэўна лічаць сябе дэмакратамі – тыя ж Міхаіл Фінберг, Расьціслаў Янкоўскі, Валянцін Елізар’еў, Ядвіга Грыгаровіч... Вось што мяркуе спадар Нісьцюк:
(Нісьцюк: ) “Стварацца верхняя палата будзе яшчэ больш нахабна, чым Палата прадстаўнікоў. Тут ужо ніякага выбарчага мэханізму не існуе, гэта мясцовыя саветы будуць рабіць. Можна было, каб падчас вылучэньня сваё слова ў мясцовых саветах сказалі дэпутаты-дэмакраты. Але паколькі гэта не было арганізавана, то, шкада, што такога ня будзе. Гэта будзе гульня ў адны вароты, прыкладна як Партугалія з Расеяй у футболе”.