Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая сакратарка Саляны ад імя Эўразьвязу асудзіла зьбіцьцё й затрыманьне дэманстрантаў 19 кастрычніка


Юры Сьвірко, Менск Прэсавая сакратарка прадстаўніка Эўразьвязу ў справах агульнай замежнай палітыкі й бясьпекі Хаўера Саляны ад імя Эўрапейскага Зьвязу асудзіла зьбіцьцё й затрыманьні дэманстрантаў у Менску, а таксама гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да журналістаў, якія асьвятлялі гэтую акцыю. Крысьціна Гэляк таксама паведаміла, што сёньня ўвечары ў Брусэлі амбасадары ўсіх краін Эўразьвязу абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі.

На просьбу пракамэнтаваць дзеяньні беларускіх уладаў падчас дэманстрацыяў пратэсту спадарыня Гэляк адказала гэтак:

(Гэляк: ) “Я была ў курсе падзеяў учора, таму што мы ўвесь час глядзелі іх на нашых тэлевізійных экранах. Я была яшчэ ня ў курсе падзеяў сёньня, але тое, што яны робяць, – гэта паводзіны, якіх не павінна быць. Калі людзі ладзяць свабодныя дэманстрацыі за свае правы, рэалізуючы права на свабодныя й дэмакратычныя сходы, а ў адказ – затрыманьні й гвалт, – дык гэта адказ рэжыму, які ня ёсьць дэмакратычным. Таму мы заклапочаныя, мы б хацелі пабачыць тых, хто паранены ці знаходзіцца ў цяжкім стане, хутка пераадолелі гэтыя цяжкасьці.

Але ўрэшце мы хочам перадаць яснае пасланьне ўладам: ужываючы ўсё больш гвалту й рэпрэсіяў, яны не кансалідоўваюць сваю ўладу – яны ўсё больш аслабляюць падтрымку сябе з боку насельніцтва”.

На пытаньне, як яна ставіцца да зьбіцьця й перашкодаў дзейнасьці журналістаў у Менску, Крысьціна Гэляк адказала:

(Гэляк: ) “Ува ўсіх камэнтарох і заявах, якія зрабіў Эўрапейскі Зьвяз, было выказваньне вялікай занепакоенасьці тым, што Беларусі бракуе свабодных мэдыяў і магчымасьці для мэдыяў дзейнічаць вольна. Што да паведамленьняў пра журналістаў, якіх зьбілі, дык тое, што яны рабілі – гэта спрабавалі рабіць прафэсійную працу. І таму тое, што трэба чуць ад Эўразьвязу, гэта голас занепакоенасьці й голас асуджэньня”.

Прэсавая сакратарка прадстаўніка Эўразьвязу ў справах агульнай замежнай палітыкі й бясьпекі Хаўера Саляны дадала, што амбасадары ўсіх 25 краінаў ЭЗ на сустрэчы ўвечары ў аўторак у Брусэлі прыйшлі да агульнай высновы, што спосаб правядзеньня выбараў і рэфэфэрэндуму ў Беларусі выклікае вядікую занепакоенасьць.

“Ніхто ня можа назваць іх свабоднымі й справядлівымі”, – падкрэсьліла Крысьціна Гэляк і сказала, што “вынікі назіраньня місіі АБСЭ за беларускімі выбарамі былі цалкам падтрыманыя ўсімі краінамі-сябрамі Эўразьвязу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG