Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія палітыкі ХДС/ХСС: тое, што адбылося ў Беларусі 17 кастрычніка нельга называць “выбарамі”


Ул. інф. Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты распаўсюдзілі сёньня заяву адносна вынікаў парлямэнкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Сябры апазыцыйнай фракцыі ХДС/ХСС Бундэстагу сьцьвярджаюць: тое, што адбылося ў Беларусі 17 кастрычніка, ніяк ня можа называцца словам “выбары”. У заяве падкрэсьліваецца, што ў Беларусі чарговы раз былі парушаныя асноўныя канстытуцыйныя правы й свабоды беларускага народу.

Фракцыя ХДС/ХСС патрабуе ад кіраўніцтва Нямеччыны і Эўразьвязу вызначыць дакладную жорсткую пазыцыю да беларускага рэжыму, а таксама распачаць падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты прапануюць увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні беларускага кіраўніцтва, а менавіта — распаўсюдзіць візавую забарону на самае высокае менскае кіраўніцтва, замарозіць замежныя банкаўскія рахункі высокіх менскіх чыноўнікаў. Хрысьціянскі дэмакрат Георг Шырмбэк, які гэтымі днямі быў у Менску і назіраў за выбарамі, перакананы:

(Шырмбэк: ) “У часе падліку галасоў я сам знаходзіўся ў тым выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка. У дзень выбараў за рэфэрэндум прагаласавала менш за палову, аднак папярэдне яго падтрымала 90%. Бюракратычна ўсё было арганізавана дасканала, аднак гэта ніяк не адпавядае таму, што завецца празрыстымі й свабоднымі выбарамі. Калі гаварыць пра шляхі паляпшэньня беларускай сытуацыі, то я думаю, што тут Бэрлін, Эўразьвяз мусяць дакладна данесьці сваю пазыцыю прэзыдэнту Пуціну: ягоная сумнеўная дружба з Лукашэнкам наносіць вялікія страты, у тым ліку ягонаму рэнамэ ў вачах Захаду. Я перакананы, што Пуцін адзіны, хто можа істотна паўплываць на Лукашэнку, бо ў ягоных руках ключ да далейшага разьвіцьця ў Беларусі. Аднак пры гэтым у беларускага народу мусіць быць сапраўдная альтэрнатыва Лукашэнку ў асобе палітычнай пэрсоны, групы. Наконт гэтага ў мяне ёсьць пэўны сумнеў”.

Адносна санкцыяў супраць непасрэдна супраць Лукашэнкі з боку Бэрліна і Брусэлю, то спадар Шырмбэк лічыць, што сёньня на Захадзе ўжо няма ніводнай прыстойнай асобы, якая бы пагадзілася прыняць у сябе беларускага кіраўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG