Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі ПКБ вымушаны звольніцца з працы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На наступны дзень пасьля выбараў вымушаны быў звольніцца з працы першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Падалян. Пра гэта паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі лідэраў кааліцыі “5+” у Магілёве.

Выбары і рэфэрэндум былі недэмакратычнымі, непразрыстымі, з парушэньнямі законнасьці — пра гэта казалі лідэры апазыцыі Магілёўскай вобласьці на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Яны распавялі журналістам пра шматлікія парушэньні, якія фіксаваліся на працягу ўсёй выбарчай кампаніі.

Дэмакраты запрасілі да сябе і прадстаўнікоў улады, каб давесьці да іх свае думкі. Супрацоўнік управы ідэалёгіі Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Мельнікаў у сваім кароткім выступе спаслаўся на станоўчыя меркаваньні пра выбары міжнародных назіральнікаў:

(Мельнікаў: ) “Парушэньняў не павінна быць, усё ж такі гэта не гульня, а дзяржаўная сур’ёзная рэч — выбары, і, канечне, парушэньні павінны рэгістравацца і абмяркоўвацца”.

Адным з новых фактаў уціску стала вымушанае звальненьне з працы лідэра абласной араганізацыі ПКБ Уладзімера Падаляна. Ён працаваў намесьнікам дырэктара магілёўскага ліцэю №2. Яго калега ад АГП у кааліцыі “5+” Уладзімер Шанцаў назваў звальненьне Падаляна грубым адміністрацыйным умяшальніцвам.

(Шанцаў: ) “Гэта ціск на ўсю яго сям’ю. Улада адчула поўную ўседазволенасьць”.

Між тым, кіраўнік абласной управы адукацыі Валеры Багданаў адмовіўся прызнаць факт уціску Ўладзімера Падаляна і выказаў афіцыйны пункт гледжаньня:

(Багданаў: ) “Ніхто на яго не націскаў. І мне такой задачы ніхто ня ставіў. Ён сам напісаў заяву ў сувязі зь пераходам на выбарную пасаду, у чым яму не адмовілі й звольнілі”.

Сам Уладзімер Падалян пацьвердзіў, што ён звольніўся і растлумачыў гэта выбарамі. Паводле спадара Падаляна, яму загадзя прапанавалі альбо зьняць кандыдатуру з выбараў альбо звольніцца. Ён абяцаў паведаміць падрабязнасьці справы, як толькі вырашыцца пытыньне зь яго новым працоўным месцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG