Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што папярэдняя справаздача БДІПЧ АБСЭ ў справе выбараў і рэфэрэндуму не вытрымлівае крытыкі


Ганна Соусь, Менск Паводле Лукашэнкі, абвінавачаньне, што “актыўна выключаліся кандыдаты, якія прадстаўляюць іншыя партыі”, не адпавядае рэчаіснасьці. Лукашэнка кажа, што 48 адсоткаў кандыдатаў ў дэпутаты прадстаўлялі розныя палітычныя партыі. Пры гэтым каля 50-60 чалавек нязначна парушылі закон і павінны былі быць зьнятыя з перадвыбарчай гонкі, і паводле асабістага патрабаваньня Лукашэнкі, яны былі адноўленыя. І са 108 кандыдатаў, якія сталі дэпутатамі, болей за 10 – прадстаўнікі партый.

Што да абвінавачаньня ў дамінаваньні дзяржавы на ўсіх узроўнях выбарчага працэсу, то Лукашэнка выказаўся наступным чынам. “Так, дзяржава не была ўбаку, але паводле нашых законаў дзяржава абавязаная правесьці выбары, іх арганізаваць. Як жа дзяржава можа самаўхіліцца? Тады абвінавацілі бы, што мы парушаем законы Канстытуцыі”, сказаў Лукашэнка.

Што да той часткі справаздачы БДІПЧ аб тым, што ўлады прымушалі студэнтаў галасаваць, то Лукашэнка кажа, што іх ня трэба было прымушаць, бо ўсё роўна ў студэнцкім асяродку ён атрымаў бы 50 адсоткаў падтрымкі.

Як адзначыў Лукашэнка, “тое, што яны былі вымушаныя напісаць – зусім ня тая загатоўка, зь якой ехалі. У справаздачы няма высноваў пра тое, што выбары былі несвабоднымі і несправядлівымі, хаця яны й хацелі гэта зрабіць. Канешне, прагрэс вялікі, яны спрабавалі нешта знайсьці, але напэўна, пакуль ня могуць”.

У дадатак Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зрабіў з выбараў сьвята і паабяцаў, што ў беларусаў такіх сьвятаў будзе больш.

(Лукашэнка: ) “Мы зрабілі з гэтых выбараў сьвята. Ведаеце, чаму я гэта рабіў. На ўчасткі ішоў мой народ, які мяне калісьці ашаламляльна й нечакана падтрымаў яшчэ хлапчуком, дзесяць гадоў таму. І я буду рабіць усе магчымае, каб такіх сьвятаў у майго народу было больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG