Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: “Маштабы фальсыфікацыяў дасягаюць 30%. А рэальна ў Віцебску прагаласавалі “за” на рэфэрэндуме толькі 42%”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебскія выбарцы казалі, што галасуюць за незалежных кандыдатаў, але паводле прыблізных афіцыйных вынікаў высьветлілася, што перавагу маюць кандыдаты “ад улады”. Для кандыдатаў ды іхных давераных асобаў выбары завяршыліся позна ўночы 17 кастрычніка. Дарэчы, на Віцебшчыне быў ці ня самы большы на Беларусі “дэпутацкі конкурс”: на 16 месцаў у парлямэнце прэтэндавалі 59 кандыдатаў.

Хаця дакладныя афіцыйныя вынікі яшчэ невядомыя, той папярэдні аналіз, які зрабілі мінулай ноччу кандыдаты і іх давераныя асобы, паказаў, што ў абсалютнай большасьці аказаліся абранымі тыя, на каго і “рабілі стаўку” ўлады.

А тых, на каго “стаўку не рабілі”, нават не дапускалі да падліку галасоў. Так, за дзьвярыма працоўнага штабу Лепельскай выбарчай акругі №23 аказаліся незалежны кандыдат Георгі Салаўёў, сябар “Народнае Грамады” Аляксей Габрыель і сябар прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва”Алег Тычына, які распавёў наступнае:

(Тычына: ) “Нас не пусьцілі, сказалі “Сядзіце тут, у залі. Мы там усё падлічым і прыйдзем да вас, скажам”. Я памятаю, што гэтаксама было ў 2001-м годзе, калі я быў каардынатарам па назіраньні. Тады таксама сьпярша сказалі “сядзіце” ды “чакайце”, а потым – “элегантная перамога”. Я пайшоў дахаты, і тут мне тэлефануюць з Бароўкі, з выбарчага ўчастку. Кажуць, як падлічыла камісія, дык аказалася, што мы ўтрох з з Салаўёвым ды Габрыелем набралі 10 адсоткаў галасоў, а Раман Унучка (кандыдат ад улады па Лепельскай акрузе) – 90 адсоткаў. Амаль як Садам Гусэйн у Іраку, і нават яшчэ болей!”

Мінулай ноччу, калі акруговыя камісіі падвялі папярэднія вынікі, стала вядома, што гэтаксама перамаглі кандыдаты ад улады – дзейныя дэпутаты парлямэнту Валеры Лектараў, Сяргей Сямяшка, Глеб Іваноў і прадстаўнікі ўладаў – Ванда Януковіч, старшыня Пастаўскага райвыканкаму, Уладзімер Адашкевіч, старшыня Аршанскага райвыканкаму.

Паводле прыблізных зьвестак, толькі па Аршанскай выбарчай акрузе №26 верагодны другі выбарчы тур, дзе будуць спаборнічаць кіраўніца гарадзкога аддзелу адукацыі Людміла Анікеева (колькасьць ейных галасоў вагаецца каля лічбы 50%) і старшыня абласной арганізацыі АГП Генадзь Ананьеў. “Але гэта вельмі няпэўна, бо, як усе чулі, перамога мусіць быць “сакрушальнай па ўсіх акругах”, кажа Генадзь Ананьеў, “прычым нават там, дзе з кандыдатамі ад улады спаборнічалі ня 2-3 чалавекі, а 5-6 патэнцыйных кандыдатаў – як было, да прыкладу, ў дзьвюх аршанскіх і дзьвюх віцебскіх акругах”.

Учора позна ўвечары адбылося паседжаньне сябраў віцебскай Грамадзянскай ініцыятывы “Дзеля абароны Канстытуцыі”, якая, нагадаю, была створаная адразу пасьля абвяшчэньня Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму.

Павал Севярынец, абраны каардынатарам гэтага ўтварэньня, паведаміў наступнае.

(Севярынец: ) “У рэальнасьці карціна рэфэрэндуму выглядае наступным чынам: выбарчыя камісіі адмыслова скарачалі сьпісы выбарцаў, каб забясьпечыць прыймальную яўку й прыймальную для Лукашэнкі колькасьць галасоў. Тым самым часам адбыліся ўкідваньні лішніх бюлетэняў – мы заўважылі, што на ўчастках бюлетэняў для рэфэрэндуму было куды болей, чымсьці для выбараў. У выніку атрымалася, што на некаторых участках прагаласавалі больш як 100%. Гэта ўжо накладка, і старшыні камісіяў разам з сакратарамі, нічога нікому не кажучы, узялі пратаколы ды паехалі ў раённыя адміністрацыі. Назіральнікаў, якія спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, проста выдалялі з участкаў – паводзілі сябе такім чынам, нібыта няма ніякіх назіральнікаў, няма ўвогуле беларускага народу, а ёсьць толькі Лукашэнка ды ягоны загад”.

Грамадзянская ініцыятыва “Дзеля абароны Канстытуцыі” падсумавала ўсе парушэньні і даслала іх у Цэнтарвыбаркам. Аднак Павал Севярынец кажа, што чакаць адтуль нейкай рэакцыі на гэты ліст ня мае сэнсу, і што даводзіць людзям праўду пра гэтыя выбары давядзецца беларускай апазыцыі.

(Севярынец: ) “Паводле нашых зьвестак, маштабы фальсыфікацыяў дасягаюць 30%. А рэальна ў Віцебску прагаласавалі “за” на рэфэрэндуме толькі 42%. Так што рэальна Лукашэнка не атрымаў паловы галасоў, і рэфэрэндум тут ён прайграў. Цяпер наша задача, задача ўсёй апазыцыі – гэта давесьці праўду пра рэфэрэндум – пра тое, што ён Лукашэнкам прайграны, калі казаць праўду”.

Афіцыйныя мэдыі пакуль не паведамляюць, колькі выбарцаў у Віцебску падтрымалі Аляксандра Лукашэнку на рэфэрэндуме. Пра гэта, а таксама пра вынікі выбараў па тутэйшых акругах, віцябляне даведаюцца цягам сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG