Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя участкі №358 і №359: п’яны старшыня камісіі ня ў стане патлумачыць, чаму ў сьпісах няма жыхароў прыватнага сэктару


Ул. інф. Выбарчыя участкі №358 і №359 знаходзяцца ў Менску па вуліцы Бэрута 13, памяшканьні школы № 99. Свой рэпартаж зь іх нашая карэспандэнтка зрабіла за паўгадзіны да заканчэньня галасаваньня:

Ля ўваходу ў школу шмат п’яных. З раніцы да вечару ў буфэце гандлююць таннымі алькагольнымі напоямі. Моцная гулянка працягваецца тут і зараз. Разам з жыхаркай дому 37 па вуліцы Верашчагіна спадарыняй Маяй мы сьпяшаемся прагаласаваць. Спадарыня Мая трымае ў руках некалькі запрашэньняў на выбары – сваё і для былых суседзяў – нябожчыкаў. Гаворыць спадарыня Мая Давідовіч:

(Давідовіч: ) “Хачу выкаўзаць сваю нязгоду з тымі фактамі, якія адбываюцца на гэтым участку №359 па вуліцы Бэрута. Мы атрымалі запрашэньне на трох чалавек, якія памёрлі. Я не магу з гэтым мірыцца. Да таго ж у нашым сэктары прыватным палова людзей увогуле ня ўключаныя ў сьпісы. Я адна з дому запрошаная на галасаваньне, аднак баюся, што таксама ня буду ўключаная ў сьпісы”.

Спадарыня Майя зьвяртаецца да сябраў камісіі – называе свой адрас і свае прозьвішча. Нічога гэтага ў сьпісах няма.

(Сябар камісіі: ) “ У вас дом 37? Такога ў нас няма”.

(Давідовіч: ) “Чаму нябожчыкам далі запрашэньне, а жывым жыхарам 37 дому – не? Дзе старшыня камісіі? Я хачу гаварыць зь ім. У мяне засталося некалькі хвілінаў да галасаваньня … Вы старшыня? Растлумачце мне!”

(Старшыня) “Мгм…”

(Давідовіч: ) “Чаму вы нецьвярозы? Вы ня ў стане гаварыць. Тады я настойваю на экспэртызе! Хай камісія засьведчыць, што ён п’яны і ня можа з намі размаўляць!”

Сапраўды, магу засьведчыць, што старшыня камісіі ледзь трымаецца на нагах. Паводле цьвярозых прадстаўнікоў выбарчай камісіі, у такім неадэкватным стане старшыня знаходзіцца ўжо некалькі гадзінаў.

У буфэце па-ранейшаму вельмі весела. Весяляцца і выбаршчыкі, і члены камісіяў. Як мне паведамілі цьвярозыя сябры выбаркаму, толькі на ўчастку 359 ня ўключанымі ў сьпісы былі сотні жыхароў прыватнага сэктару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG