Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць галасаваць сваякі зьніклых палітыкаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ісьці на рэфэрэндум ці не? За каго галасаваць? Як і сем мільёнаў іншых беларускіх выбаршчыкаў, гэтыя пытаньні сёньня вырашалі для сябе сваякі зьніклых апазыцыянэраў. Як галасавалі ў сем’ях Захаранкаў, Завадзскіх, Ганчароў і Красоўскіх?

Мой званок да Ульляны Захаранкі ў пасёлак Васілевічы на Гомельшчыне прыйшоўся на час, калі жанчына чакала прадстаўнікоў выбарчай камісіі са скрыняй. Маці зьніклага экс-міністра Юрыя Захаранкі 80 гадоў, самой хадзіць на ўчастак ёй не дазваляе здароўе. Яе адказ на пытаньне рэфэрэндуму абумоўлены трагічным зьнікненьнем сына.

(Захаранка: ) “Зьелі” маё дзіця… Хай ён 100 гадоў… Ці гэта можна перанесьці? Я не магу супакоіцца, не магу спаць ані ноччу ані ўдзень”.

Што да выбараў у парлямэнт, Ульяна Захаранка яшчэ ня ведала, за каго галасаваць. Сказала, што зарыентуецца, калі прыйдуць са скрыняй.

Вольга Завадзкая напярэдадні была на начным дзяжурстве, але адразу пасьля працы паехала не дамоў, а на выбарчы ўчастак. Прагаласавала за генэрала Валера Фралова, а на пытаньне рэфэрэндуму адказала “не”.

(Вольга Завадзкая:) “Па-першае, я не хачу, каб парушаўся асноўны закон краіны – Канстытуцыя; па-другое, лічу, што народ заслугоўвае большага, чым прапаноўвае Лукашэнка”.

Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, вырашыла зьявіцца на выбарчы ўчастак ў апошнюю гадзіну галасаваньня. Яна хоча праверыць, ці не прагаласавалі ўжо за яе. Такое падазрэньне Сьвятлана лічыць лягічным.

(Сьвятлана Завадзкая: ) “У тыя выбары шмат было людзей, якія распавядалі, што яны прыйшлі галасаваць каля 8 гадзінаў, а ў дакумэнтах ужо стаялі іх росьпісы, быццам яны ўжо прагаласавалі”.

Галасаваць Святлана Завадзкая зьбіраецца са Анатоля Лябедзьку.

“Вось сядзім з сынам і разважаем, ці ісьці на ўчастак”,– паведаміла нам Зінаіда Ганчар. На гадзіньніку была другая гадзіна. Жонка зьніклага ў 1999 годзе лідэра апазыцыі – супраць працягу праўленьня Аляксандра Лукашэнкі, але яна перакананая, што колькі б ні было такіх галасоў, нічога ня зьменіцца.

(Ганчар: ) “У тым, што будуць падтасоўкі, мы ня сумняемся. Для іх галоўнае, каб ты прыйшоў на ўчастак, а там… Ноч доўгая”.

А вось старэйшая дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ксенія не вагалася, галасаваць ці не. Са свайго выбару яна сакрэту не рабіла. На пытаньне рэфэрэндуму Ксенія адказала “не”, а свой голас аддала за старшыню БНФ Вінцука Вячорку. Заўваг да самога галасаваньня Ксенія ня мае.

А ці могуць рэалізаваць сваё права на выбары тыя, хто за палітычную дзейнасьці аказаўся за кратамі? Асуджаныя за зьнявагу прэзыдэнта гарадзенскія прадпрымальнікі Валер Леванеўскі й Аляксандр Васільеў не галасавалі і галасаваць ня будуць яшчэ два гады. Вязень ізалятару КГБ амбасадар Міхаіл Марыніч таксама сёньня не галасаваў – новы выбарчы кодэкс пазбавіў такой магчымасьці тых, хто яшчэ не асуджаны, але ўжо знаходзіцца пад сьледзтвам.

Закон дазваляе галасаваць толькі тым, каго часова пазбавілі волі ў адміністрацыйным парадку. Такім чынам, апазыцыянэры Мікіта Сасім і Сяргей Антончык ў Менску ды Валер Шчукін у Віцебску змогуць прагаласаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG