Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына: “Півам ствараюць максымальна спрыяльныя ўмовы”


Юры Сьвірко, Менск На 10-ю гадзіну раніцы на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме прагаласавала 17,4% выбарцаў Беларусі – разам з тымі, хто зрабіў гэта тэрмінова. Пра гэта паведаміла на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі ў нядзелю Лідзія Ярмошына.

Паводле спадарыні Ярмошынай, ніякіх здарэньняў на выбарчых участках не было, апрача таго, што на адным зь іх у Менску ўначы разьбілі шыбы.

Назіраньне за галасаваньнем вядуць 24 тысячы 537 унутраных назіральнікаў і 685 міжнародных, зь якіх 283 прадстаўляюць АБСЭ, а 121 – гэта незалежныя.

Найбольш прагаласавала выбарцаў у сталіцы ды Менскай вобласьці (амаль па 23 адсоткі), найменш – на Берасьцейшчыне (12 адсоткаў).

На шмат якіх менскіх участках грамадзянам бясплатна прапануюць піва ці іншыя напоі. Ці не зьяўляецца гэта подкупам выбарцаў?

(Ярмошына: ) “Подкуп выбарцаў увогуле караецца паводле закону, калі гэта ідзе агітацыя за нейкую канкрэтную асобу, за ўдзел у выбарах. Калі б вам прапанавалі піва й сказалі: “Галасуйце за Іванова!” – вось тады гэта было б подкупам выбарцаў. А калі вам проста прапаноўваюць піва, радуюцца, што вы прыйшлі на выбарчы ўчастак – ну які тут подкуп? Проста вам ствараюць максымальна спрыяльныя ўмовы”. (Сьмех у зале.)

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць грубае парушэньне Выбарчага кодэксу на тым участку, дзе галасаваў Аляксандар Лукашэнка й куды не пусьцілі некалькіх журналістаў, якія паводле закону маюць права прысутнічаць на любым участку, Лідзія Ярмошына адказала гэтак:

(Ярмошына, іранізуе: ) “Ну ўжо грубае парушэньне! Проста кашмар нейкі. Міжнароднае расьсьледаваньне прыцягнем. Вы ведаеце, я ніяк не магу гэта пракамэнтаваць. Цалкам мажліва, што колькасьць журналістаў аказалася гэтулькі вялікай, што папросту выбарчы ўчастак ня змог зьмясьціць усіх ахвотных. Хутчэй за ўсё, так і адбылося. Таму казаць пра нейкае адмысловае парушэньне закону, я думаю, няма неабходнасьці. Гэтую сытуацыю трэба праверыць і потым яе пракамэнтаваць”.

Карэспандэнт з Расеі спытаўся, чаму беларускія бюлетэні ніяк не абароненыя ад падробкі, на што спадарыня Ярмошына адказала, што “ў камісіях працуюць сумленныя асобы”. Я папрасіў яе пракамэнтаваць інфармацыю пра тое, што ўначы з 13 на 14 кастрычніка ў “Беларускім доме друку” вырабілі дадатковыя бюлетэні, а таксама паведаміць агульную колькасьць надрукаваных бюлетэняў.

(Ярмошына: ) “Я не прысутнічала ў “Беларускім доме друку”, ды яшчэ ўначы. Таму нічога не магу сказаць з гэтай нагоды. Усе бюлетэні выдадзеныя да пачатку датэрміновага галасаваньня – апошняя партыя была атрыманая ў мінулую пятніцу. Замоўлена бюлетэняў столькі, колькі выбарцаў пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – па колькасьці выбарцаў плюс 10 адсоткаў. З улікам далёкай адлегласьці ўсё можа быць – машына можа перакуліцца. Я не магу Вам сказаць колькасьць – я магу сказаць: столькі, колькі выбарцаў. 6 мільёнаў 997 плюс яшчэ 10 адсоткаў – так, 7 мільёнаў 700 тысячаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG