Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка стварыў таталітарны рэжым афэрыстаў і рабаўнікоў, гандляроў Беларусьсю”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 15 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Алесь Гагін, Смаргонь: ) “Пытаньне яўкі на выбары – я думаю, што трэба прыходзіць 17-га кастрычніка і выказваць сваё меркаваньне. У мяне такая сытуацыя, што няма неабходнасьці датэрмінова галасаваць, я магу 17-га прыйсьці і спакойна сваё меркаваньне выказаць. І, па-другое, думаю, што байкот не рэальны – няма чаго тут, як кажуць, “хавацца ў бульбу”.

(Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі, дзяржаўная асоба Ярмошына, лічыць нармальным накіраваньне ўсёй дзяржаўнай машыны на прапаганду рэфэрэндуму за Аляксандра Лукашэнку. Але тым самым яна ідэалягічна, юрыдычна і палітычна проста ўводзіць беларусаў у зман. Той чалавек, які жадае вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты, зьяўляецца, як і іншыя кандыдаты, ня больш як грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, і выкарыстоўваць усе магчымыя й немагчымыя дзяржаўныя рэсурсы на карысьць гэтага грамадзяніна – ня толькі надзвычайна, але й злачынна. Гэта павінна добра разумець спадарыня Ярмошына. Вельмі дакладна сказаў на “Свабодзе” Дубавец, у “Мартыралёгу Беларусі” – улады ня бачаць у злачынстве злачынства. Але ўсе гэта бачаць”.

(Спадар: ) “Я заклікаю ўсіх, хто супраць, галасаваць наступным чынам: узяць бюлетэнь, абавязкова – з подпісамі членаў камісіі, зайсьці ў кабіну, разарваць надвое, і частку з подпісамі пакласьці ў кішэню, а другую – укінуць у урну. Гэтая контрмера абавязкова дапаможа пазьбегнуць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму”.

(Слухач: ) “Хачу паведаміць пра цікавую рэч. Я не атрымаў запрашэньня на выбары. Сёньня зайшоў на свой выбарчы ўчастак у 124-й школе Заводзкага раёну, каб высьветліць, ці ўнесены я ў сьпіс выбарцаў. І мяне ў сьпісе не аказалася! Мне сказалі, што перад выбарамі праходзілі ўсе кватэры і высьвятлялі іх жыхароў. Фантастыка! Калі чалавек прапісаны ў кватэры, але не жыве ў ёй, значыць ён ня ўносіцца ў сьпіс. Я мяркую, што ўсім, хто сьвядома зьбіраецца не ісьці галасаваць, трэба схадзіць і праверыць, ці ўнесены ён у сьпіс выбарцаў. Дзякую”.

(Спадар: ) “Кааліцыя “Пяць з плюсам” – гэта шэсьць, а шасьцёрка, як вядома, можа быць і дзявяткай. Адсюль і непасьлядоўнасьць. То лідэры “шасьцёркі” не прызнаюць палатку, то шчэмяцца ў яе. То адзін крок з балота – то пяць крокаў зноў туды. Загадзя ведаючы вынікі выбараў і рэфэрэндуму, сьведама цягнуць нас на выбарчыя ўчасткі, каб легітымізаваць рэжым і даць магчымасьць кіраваць адной службовай асобе пажыцьцёва. 18-га кастрычніка рэжым ацэніць працу кааліцыі на 5 з плюсам, а для беларусаў – як мінімум на сем гадоў – надыдзе ўсеагульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добрай раніцы. Я пачуў меркаваньне спадарыні Цапф, якая зьявілася зноў на Беларусі. Яна сказала, што мы знаходзімся ў пэўным тупіку ў дачыненьні да Лукашэнкі, і што Лукашэнка ўсё роўна робіць тое, што ён робіць. У тупіку ня мы, спадарыня Цапф, у тупіку Эўропа, якая баіцца хоць слоўца сказаць Расеі, бо яна залежыць ад Расеі цалкам, ад яе энэрганосьбітаў. І яна маўчыць, хаця вядома ўсім, што амаль на 50% – калі ня больш – рэжым Лукашэнкі трымаецца на падтрымцы Расеі, прычым падтрымцы непрыхаванай – грашыма. Калі яна скончыцца, рэжым калі ня зваліцца, то вельмі й вельмі захістаецца. І, прабачце, дабіць яго будзе лёгка. У тупіку – наша апазыцыя, якая паперлася на выбары, жадаючы патрапіць у гэты парлямэнт – вельмі-вельмі жадаючы. А зараз атрымліваецца, што ніводны зь іх ня пройдзе – і гэта вядома даўно. У тупіку наш народ, які жадае мець над сабой пастуха, і, як паслухмяны статак баранаў, цягнецца за гэтым пастухом, які б ён ня быў. А пастухі ў нашым чалавечым жыцьці звычайна кепскія. Але ў тупіку не знаходзяцца тыя людзі, якія вырашылі адмовіцца ад гэтай брыдоты, ад гэтай хлусьні, ад гэтай ганьбы. Такія проста адышлі – як бы тое ні здавалася сяму-таму ці то слабасьцю, ці то баязьлівасьцю. Бо супольнага з гэтай гідотай нічога мець ня хочацца. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Нашыя ўлады амаль цалкам перайшлі на расейскую мову, і цяпер як ніколі часта ўжываюць слова “стабільнасьць” – “галасаваць за стабільную Беларусь”, “за стабільную сытуацыю” й г.д. Слова “стабільнасьць” значыць “бязь зьменаў” – пазычылі гэты тэрмін у мэдыкаў, дзе часта можна пачуць “Цяжка хворы – стабільны”, ці: “у крытычнай сытуацыі хворы – у стабільнай сытуацыі”. Дык што, нам прапаноўваюць галасаваць за кепскі стан Беларусі? Стабільная, бязь зменаў – як так можа быць? Мы ж мусім ісьці наперад. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Чэрчыль: “Палітык думае пра вечнасьць, гісторыю народа; палітыкан – пра перамогу на выбарах”. Думайце, спадарства”.

(Спадар: ) “Мая ўнучка вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Іх учора выклікалі ў дэканат – хто жыве ў інтэрнаце. І сказалі, што тым, хто датэрмінова не прагаласуе, на наступны год не дадуць інтэрната. У мяне ўсё”.

(Анатоль з Гомелю: ) “Я вось што хачу сказаць наконт датэрмінова-прымусовага галасаваньня. У мяне знаёмы студэнт Гомельскага мэдунівэрсытэта, і ён расказвае, што кіраўніцтва папярэдзіла ўсіх студэнтаў, якія жывуць у інтэрнаце. Што калі папярэдне не прагаласуюць і іх ня будзе ў сьпісах галасаваньня, то ўсе яны будуць выселены зь інтэрнату. Я ўпэўнены, што такое – зусім не вынятак, і такая акцыя прымусу праводзіцца па ўсёй Беларусі”.

(Аляксандр: ) “Я хачу сказаць, як зрабіць байкот рэфэрэндуму. Трэба прыйсьці на выбарчы ўчастак і сказаць, што “я за рэфэрэндум галасаваць ня буду, а толькі ў выбарах прыму ўдзел”. І вам дадуць адзін бюлетэнь, і расьпісацца за адзін бюлетэнь. Я так рабіў, і цяпер так буду рабіць – за дэпутатаў галасаваць, бо там Гразнова балятуецца, а за рэфэрэндум я бюлетэнь браць ня буду, й расьпісвацца ня буду. І ўсё – так можна, я так рабіў. Ці зрабіць так, як Паганяйла рэкамэндаваў – рваць бюлетэнь і сабе пакідаць. А тое, што “супраць усіх” – яны ўсё сфальсыфікуюць. Ім трэба масавасьць, яны як быдла людзей заганяюць – студэнтаў, калгасьнікаў, працоўных, бацькоў дзяцей, якія ў школу ці садок ходзяць. Рэжыму трэба масавасьць, і калі ёсьць масавасьць – будзе і фальсыфікацыя. А гэтае “супраць усіх” нічога ня дасьць. І я так буду рабіць – браць адзін бюлетэнь, у выбарах удзельнічаць, а ў рэфэрэндуме – не”.

(Васіль Цыбулька, Віцебск: ) “Шаноўная “Свабода”! Мая сям’я не зьбіраецца прымаць удзел у загадзя сфальсыфікаваных выбарах і рэфэрэндуме. За каго й за што галасаваць? Там кіруюць былыя камуністычныя апаратчыкі, месца якіх – за калючым дротам, а не ў выканкамах. Працы няма, заробкі мізэрныя, квартплаты й камунальныя паслугі не параўнальныя з заробкамі. Лукашэнка стварыў таталітарны рэжым афэрыстаў і рабаўнікоў, гандляроў Беларусьсю. Правячы рэжым аднаго за адным здымае з перадвыбарчай дыстанцыі апазыцыйных канкурэнтаў. Радыё і тэлебачаньне, СМІ толькі і рэклямуюць аднаго беларускага правадыра і яго саўдзельнікаў. Людзей пужаюць стратай працы і гоняць, нібы быдла, на датэрміновыя выбары. Удзел у лукашэнкавых выбарах – гэта дапамога злачыннаму рэжыму атрымаць легітымнасьць у сьвеце, прызнаць законнымі злачынствы савецкай улады. Я лічу, што апазыцыі ня трэба было б уцягвацца ў гэтыя гульні злачыннага рэжыму і гуляць паводле яго сцэнару. Хачу сказаць вялікі дзякуй амэрыканскаму народу, які прыняў і зацьвердзіў “Акт аб дэмакратыі”.

(Уладзімер: ) “Паважаны спадар Бушлякоў! Сёньня я пачуў, як дыктарка “Свабоды” гаворыць “швачная фабрыка”. Як гэта сказаць па-сапраўднаму, па-беларуску? Яшчэ яна ўжыла такі выраз, калі крытыкавала сваю калегу-журналістку за тое, што тая пра нешта не распавяла: “пры сьцячэньні абстаяцельстваў”. Дык, “пры зьбегу абставін”, ці яшчэ неяк можна гэта сказаць. Наогул, хацелася б, каб свабодаўскія журналісты больш вывучалі – проста трэба, каб вывучалі – сваю родную мову. Бо гэта ж адзіная для паспалітага беларуса крыніца, зь якой можна вучыцца мове. Іншых жа няма – усё астатняе або здратавана бальшавіцкай моўнай палітыкай; а то і такога няма. Дзякую, бывайце здаровы”.

(Спадар: ) “Трэба мець на ўвазе, што выбары й рэфэрэндум арганізуюць рабочыя групы выканаўчай улады, якія ўзначальваюць намесьнікі старшынь абласных, гарадзкіх і раённых выканаўчых камітэтаў. Камісіі толькі фармальна рэгіструюць тыя ці іншыя вынікі. На Віцебшчыне ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і навучальных устаноў запатрабавалі забясьпечыць у папярэднім галасаваньні ня менш за 40% выбарцаў, а ў сельскіх раёнах – яшчэ больш. Рабочыя групы будуць хаваць сапраўдныя адсоткі выбарцаў у папярэднім галасаваньні. У 2000 годзе на выбарах на Віцебшчыне папярэдне прагаласавала больш за 30% выбаршчыкаў: у гарадах – 20-22%, а на вёсцы – значна больш: у Дубровінскім раёне – 54%, яшчэ ў адным – 45%, і г.д. А абласной камісіяй было паведамлена аб 15% тых, хто прагаласаваў папярэдне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG