Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас па горадзе сёньня езьдзіла машына, дзе заклікалі людзей ісьці на рэфэрэндум. Мне прыгадаліся фільмы, дзе немцы ехалі па вёсцы з такім жа самым мацюгальнікам і крычалі: “Все жители деревня – на регистрация!”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 14 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Я імкнуся не назіраць за той вакханаліяй, якая зараз ідзе наконт рэфэрэндуму – бо ад яе нармальнага чалавека ванітуе. Але сёньня ўвечары я быў вымушаны праслухаць рэкляму, якая ішла – і там распавядалі, як рабіць, калі прыйдзеш на ўчасткі, бюлетэні. Дык вось, там было сказана дакладна наступнае: калі вы “за”, то пастаўце тут крыжык; а потым было сказана так: калі два крыжыка, то бюлетэнь несапраўдны, калі няма крыжыкаў – бюлетэнь таксама несапраўдны. Але зусім не прагучала, што калі вы супраць, то пастаўце тут. Гэтага ніхто не жадае казаць, гэта нават не бярэцца ў разьлік – павінна быць выключна “так”. У нас па горадзе Ліда сёньня езьдзіла машына, прынамсі, у Паўднёвым гарадку, вайсковым, дзе заклікалі людзей ісьці на рэфэрэндум. Мне прыгадаліся фільмы майго дзяцінства пра немцаў, дзе немцы ехалі па вёсцы з такім жа самым мацюгальнікам і крычалі, прынамсі, наступнае: “Все жители деревня – на регистрация!”, калі не – то будзе расстрэл. Тое самае і ў нас зараз. Калі апазыцыя не адмовіцца ад выбараў, яна зганьбіць сябе канчаткова. Шаноўныя, кіньце гэтую дурную справу, пакуль мы канчаткова ў багну ня селі”.

(Спадарыня: ) “Спадару Жданко, які чытае і камэнтуе лісты. Спадар Жданко, а вы што, падлічылі колькасьць сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі і колькасьць людзей, якія іх падтрымліваюць? Справа ў тым, што якраз меншасьць заўсёды мае рацыю, і меншасьць пераварочвае зямлю. Якраз меншасьць піша гісторыю, мяняе гісторыю – а ня большасьць”.

(Спадар: ) “Расейскіх журналістаў улады звазілі ў горад Тураў – паказаць, як у нас добра. А чаму б іх не прывезьці ў горад Дзяржынск – значна бліжэй ад сталіцы? Але тут яны б пабачылі вуліцы нібы пасьля бамбаваньня, лужыны, ямы, бруд. Няхай бы праехалі па вуліцы Камуністычнай, Камсамольскай, Камунальнай ды іншых і параўналі б зь іншай рэальнасьцю, з рэклямай, якая ідзе на тэлеэкранах. У нас у горадзе няма ніводнай навучальнай установы, і не хапае працоўных месцаў – і людзі розных узростаў раньнім ранкам едуць на працу й навучаньне ў Менск. Даехаць аўтобусам з вакзала можна толькі з канцавога прыпынку, дый тое – з цэнтральных вуліцаў, таму большасьць ідзе пешкі па гэтым цёмным і разьбітым вуліцам. Сьвятло зранку не ўключаюць – эканомяць. Вось такія ў нас “рэаліі”. На жаль, іх гасьцям не паказваюць – а трэба было б”.

(Дзед Іванка Лабішчанскі: ) “Дзякую паважанай “Свабодзе” за магчымасьць выказацца пра рэфэрэндум. Я вельмі баюся, што трэці тэрмін дыктатуры на Беларусі можа быць чацьвёртым, пятым і г.д.

“Застанецца пры ўладзе Рыгоравіч хітры, Рэфэрэндумаў наладзіць – больш, чым колісь Гітлер. Фюрэр брава пачынаў – падмануў германцаў Дыктатару ў Беларусі тых ня будзе шанцаў. У краінах з дыктатурай – холад ды галеча, Як, за каго галасаваць – думай, чалавеча. Слухай, слухай, даражэнькі, Што гаворыць дзед Іван. Можа, лепей праўды жменька, Чым вялізазны падман”.

(Спадарыня: ) “Наш прыход на выбарчы ўчастак дазволіць Лукашэнку замацаваць сваю беззаконную ўладу. На Беларусь вернецца 1937-ы год. Дыктатура пачне свой наступ на беларускае. Наш супраціў гэтаму злу – байкот, непрыход на выбарчы ўчастак. Гэта будзе наша перамога. Вось тады ён ня скажа “народ прыйшоў на рэфэрэндум”, “народ мяне падтрымаў”.

(Спадар: ) “Хачу падзяліцца інфармацыяй. Слухаю ўвесь час “Свабоду” па-беларуску, і пастаянна чую наконт выбараў. Няўжо вы не разумееце – не істотна, як народ прагаласуе, істотна, як палічаць. І гэта адназначна”.

(Слухач: ) “Я зьвярнуўся да Ярмошынай, каб яна дала тлумачэньне, як галасаваць за рэфэрэндум. Там жа два пытаньні. Дыктатар просіць, як малое дзіця, дазволіць яму пагуляць, і – зьмены канстытуцыі. Гэта ж два пытаньні ў адным. Напрыклад, я хачу даць яму пагуляць, але супраць зьменаў у Канстытуцыі. І вось Ярмошына мне не адказвае на афіцыйную заяву. Таму я прашу “Свабоду” ўмяшацца. Няхай яна і вам адкажа, і адкажа на скаргі грамадзянаў. І ўвогуле – дыктатуры неабходная масавасьць. Вось яны, нібы быдла, заганяюць студэнтаў, калгасьнікаў, працоўных на выбарчыя ўчасткі. Да якога часу яны будуць нас быдлам лічыць, ганяць нас? Праўду Пазьняк казаў – толькі байкот. Калі будуць пустыя ўчасткі, вось тады ім… а ім трэба набраць 70% – не 50%. І “Пяцёрцы плюс” трэба было адмовіцца, каб выйграць, але яны сьпяшаюцца – і нікуды яны ня пройдуць, толькі перашкодзяць. І дыктатура пераможа”.

(Спадар: ) “У Вілі Токарава ёсьць такая песьня, дзе ёсьць словы: “Кантора піша, папера сьцерпіць”. Колькі можна размаўляць пра нейкае надвор’е, толькі пра выбары трэба гаварыць! Бо надакучыла, насамрэч – надвор’е нейкае, ну што гэта такое?”

(Васіль Вакулін, Драгічын: ) “Першы сакратар Драгічанскага райкама таварыш Хвацік вынайшаў арыгінальны спосаб для датэрміновага галасаваньня: на хаты ў тэрміновым парадку выехалі брыгады ўрачоў, якія правяраюць здароўе пэнсіянэраў. І пэнсіянэры адразу ж трапляюць у лапы членаў выбаркама. Канешне, такім спосабам безумоўна галасуюць “за”. Так і хочацца сказаць – ай да хват, ай да Хвацік! Малайчына, змог народ упэўніць пайсьці на выбарчыя ўчасткі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я не палітык, а просты пэнсіянэр, не паважаю хлусьню, падман і здраду, якія выкарыстоўваюць наш прэзыдэнт і яго прыслужнікі. Пра гэта сьведчаць “два пытаньні ў адным”. Я ўжо тэлефанавала вам, што ў школе № 172 ва вуліцы Ахоцкай дзецям у дзёньнікі запісалі, што 13-га кастрычніка, у 18.00 адбудзецца бацькоўскі сход. І яны мусяць узяць з сабой пашпарты, каб прагаласаваць датэрмінова. Я не хацела ісьці, але ўнук пачаў плакаць і я вымушана была пайсьці. Сходу ніякага не было. А настаўніца, саромеючыся, прапанавала ўсім ісьці галасаваць датэрмінова, пасьля пайсьці ў залю, дзе арганізаваная сустрэча з дэпутатам ад уладаў Паўловічам. Я паспрабавала адгаварыць бацькоў ад датэрміновага галасаваньня. Але дзьве жанчыны паказалі мне накіраваньне з аддзела кадраў іх вытворчага прадпрыемства, згодна катораму яны мусілі прагаласаваць датэрмінова і ў пятніцу здаць гэтыя паперкі ў аддзел кадраў, за подпісам выбарчай камісіі. Частка бацькоў пайшла галасаваць, а іншыя – у залю на сустрэчу. Я пайшла да выхаду, але ля дзьвярэй стаяла злосная жанчына і крычала: “Ўсім у залю!”. Я яе адпіхнула і сказала: “Ідзі сама!”. Дома я ўсё расказала ўнуку. Каб ён ведаў, што ў наш час у нашай краіне квітнее падман і здрада”.

(Віктар Буто, Менск: ) “Датэрміновае галасаваньне – ну, што зробіш, менская ўлада, ды і іншыя гарадзкія ўлады забаўляюцца. Выбары адбудуцца датэрмінова, і што там будзе – зразумела, бо ім падпарадкаваныя ўсе гарады. А пойдзеш ты галасаваць, ці ня пойдзеш, звычайны чалавек – гэта адсоткаў пятнаццаць-дваццаць, гэта нічога не вырашае. Вось такія справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG