Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам абвінавачваюць у ангажаванасьці


Валер Каліноўскі, Менск Паседжаньне Цэнтарвыбаркаму, на якім не была адноўленая рэгістрацыя ніводнага дэмакратычнага кандыдата, на думку сябраў камісіі з дарадчым голасам, сьведчыць, што ня толькі акруговыя, але і Цэнтральная выбарчая камісія ангажаваныя ўладамі.

Некаторыя з былых кандыдатаў у дэпутаты, рэгістрацыя якіх сёньня не была адноўленая ЦВК, адкрыта заклікалі сябраў гэтай камісіі да сумленнасьці. Валянціна Палевікова прылюдна прысароміла іх, а Алег Волчак сказаў, што зоймецца іх справамі, калі стане генэральным пракурорам Беларусі, што гучала як пагроза.

Тым ня менш, сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі з вырашальным голасам не прыслухоўваліся як да гэтых пагрозаў і папрокаў, гэтак і да аргумэнтаў сваіх калег з дарадчым голасам, вылучаных партыямі. Імкненьне апошніх давесьці, што ўлёткі й іншыя матэрыялы, з прычыны якіх былі зьнятыя зь перадвыбарчай гонкі дэмакратычныя кандыдаты, былі фальшывыя, натыкалася на працэдуру галасаваньня, якая нязьменнна заканчвалася не на карысьць дэмакратаў.

Гаворыць Алесь Бяляцкі, сябра ЦВК з дарадчым голасам ад Партыі БНФ:

(Бяляцкі: ) “Цэнтральная камісія спрабуе захаваць сваё белае адзеньне, але ў такіх выпадках калі мы бачым яўна сфальсыфікаваныя эпізоды ці яўна сфальсыфікаваную друкаваную прадукцыю, таму што ў выпадку з Волчакам відаць, наколькі непрафэсійна і правакацыйна гэта скляпана. ЦВК заплюшчвае на гэта вочы і галасуе адзінагалосна, абсалютна не зьвяртае ўвагі ні на якія аргумэнты і довады. Мне падаецца, што гэта паказвае, што ўжо дадзенае ўказаньне канкрэтнае — як паступаць з дэмакратычнымі кандыдатамі й Цэнтральнай камісіі. ЦВК фактычна ўзвальвае значную частку віны за тое, што адбываецца ў нас цяпер з выбарамі, на сябе. І ўжо нельга будзе сказаць, што ўсё рабілася на ўзроўні ўчастковых і акруговых камісіяў”.

На думку Алеся Бяляцкага, цэлы шэраг зьняцьцяў кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі ў Менску сьведчыць, што ўлады спалохаліся іх перамогі.

(Бяляцкі: ) “Тое, што мы бачым на сёньня на свае вочы, ставіць вялізнае пытаньне наконт гэтых выбараў, ператварае іх у фарс”.

Калі б ЦВК зарэгістраваў наноў каго-небудзь з кандыдатаў, якія былі зьнятыя з кампаніі акруговымі камісіямі ў апошнія дні, то ў іх акругах магло бы паўстаць пытаньне пра адмену вынікаў выбараў, бо датэрміновае галасаваньне ўжо адбываецца без удзелу кандыдатаў, чыя рэгістрацыя была скасаваная ў апошнія дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG