Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам адхіліў скаргі ўсіх дэмакратаў, якіх зьнялі з выбарчай гонкі


Валер Каліноўскі, Менск ЦВК сёньня разгледзеў скаргі сямі былых кандыдатаў у дэпутаты, рэгістрацыя якіх была скасаваная акруговымі камісіямі. Ніводная зь іх не была задаволеная. Былыя кандыдаты ў дэпутаты Аляксандар Дабравольскі, Валянціна Палевікова, Алег Волчак, Аляксандар Цынкевіч ды іншыя ў сваіх выступах у ЦВК заявілі пра яўныя правакацыі, якімі суправаджалася скасаваньне іх рэгістрацыі як кандыдатаў у дэпутаты.

У прыватнасьці, яны казалі пра фальшывыя ўлёткі, у якіх яны нібыта зьневажалі кіраўніка краіны, пра аднастайна напісаныя лісты абураных вэтэранаў з далучанымі да іх газэтамі, якія нібыта распаўсюджвалі няўгодныя кандыдаты.

Сябры камісіі з дарадчым голасам даводзілі няслушнасьць рашэньняў акруговых камісіяў з прававога і маральнага пункта гледжаньня. Нечакана за Аляксандра Дабравольскага заступіўся нават прадстаўнік КПБ у камісіі Альфонс Цішкевіч. Але сябры камісіі з вырашальным голасам без асаблівых спрэчак прымалі аднастайныя рашэньні не на карысьць заяўнікаў.

Адрозна ад папярэдніх паседжаньняў, асаблівай матывацыі гэтых дзеяньняў ЦВК не было. Так што прадстаўніца ПКБ у камісіі Алена Скрыган у роспачы кінула пры канцы свайго выступу: “Рабіце, што хочаце”.

Станоўчае рашэньне ЦВК прыняла толькі па скарзе Ганны Гадавец з Бабруйску, папярэджаньне ёй, што вынесла акруговая камісія, скасавалі. Акрамя таго, ЦВК адхіліў скаргу актывісткі АГП Марыны Багдановіч, у радыёвыступе якой нібыта была абраза Лукашэнкі. ЦВК пастанавіў перадаць матэрыялы па гэтай справе ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG