Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы колькасьць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, на некаторых участках сягае 70%


Ігар Карней, Менск Пяцёра з шасьці кандыдатаў, якія балятуюцца па 27-й Аршанска-Дняпроўскай акрузе, падпісаліся пад заявай да Цэнтарвыбаркаму, прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі й незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Кандыдаты паведамляюць пра непрыхаванае “прасоўваньне” кандыдата ад улады і пра тое, што ў некаторых акругах датэрмінова прагаласавалі 50–70% выбарцаў.

Незалежны кандыдат Андрэй Хехлушка лічыць, што ўжо ад пачатку кандыдатам стварылі няроўныя ўмовы. Прыкладам, агітацыйныя матэрыялы за цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў і ўладнага вылучэнца Ўладзімера Жвікава вісяць на выбарчых участках бесьперашкодна. Улёткі ж астатніх кандыдатаў былі зьнятыя ў першы дзень датэрміновага галасаваньня.

(Хехлушка: ) “Дванаццатага нас зьнялі, пакінуўшы толькі аднаго Жвікава. На ўсіх 36 участках. Матывавалі тым, што пачаліся выбары і, у адпаведнасьці з законам, на агітацыйным стэндзе ня можа вісець рэкляма кандыдатаў. Жвікава пры гэтым пакінулі. Хоць, паводле закону, у нас 17 кастрычніка выбары, а не ад аўторка”.

А вось што ў адказ на прэтэнзіі спадара Хехлушкі адказала сакратарка 56-га выбарчага ўчастку ў школе №18 горада Барань:

(Сакратарка выбарчага ўчастку: ) “На тэрыторыі школы, па-за тэрыторыяй школы, калі кандыдат ці ягоныя ўпаўнаважаныя хацелі пакінуць якую-небудзь інфармацыю, то яны і пакідалі”.

Яна таксама сказала, што галасаваньне па выбарах і рэфэрэндуму ідзе досыць актыўна. Андрэй Хехлушка ўдакладняе: надзвычай актыўна.

(Хехлушка: ) “У нас на руках такія дадзеныя: на некаторых участках папярэдне прагаласавала да 50% выбарцаў, а на шэрагу — нават да 70%. Я ведаю, што на аршанскім мясакамбінаце тры дні запар ад 12 да 14-й гадзіны людзей адпускаюць з працы, каб тыя ў абавязковым парадку ішлі галасаваць. А напярэдадні ў Барані былі вывешаныя ўлёткі-заклікі (без выходных зьвестак) аб абавязковым удзеле ў датэрміновым галасаваньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG