Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне назіральнікі ўжо зафіксавалі шэраг парушэньняў падчас выбарчай кампаніі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Завяршаецца агітацыйная кампанія парлямэнцкіх выбараў. Актыўна ідзе датэрміновае галасаваньне. У Магілёўскай вобласьці кандыдаты ў дэпутаты ад дэмакратычнай плыні праводзяць апошнія сустрэчы і арганізуюць назіраньне на выбарчых участках.

У Бабруйскай Ленінскай выбарчай акрузе каманда вылучэнца Сацыял-дэмакратычнай грамады Міхаіла Кавалькова завершыла кампанію “ад дзьвярэй да дзьвярэй” і распаўсюдзіла ўсю друкаваную прадукцыю. Цяпер актывісты назіраюць за датэрміновым галасаваньнем. Кіраўніца штабу Таісія Кабанчук гаворыць, што найбольш актыўна галасуюць на ўчастках, дзе ёсьць студэнцкія і рабочыя інтэрнаты.

(Кабанчук: ) “Тут уся адміністрацыя езьдзіць па выбарчых участках, пытаюцца ў камісіяў: “Чаму ў вас так мала людзей?” — і тыя пачынаюць падсьцёгваць”.

Назіральнікі ўжо склалі некалькі актаў аб парушэньнях.

(Кабанчук: ) “Адзін зь сябраў камісіі садзіцца на машыну і з прыватнага сэктара прывозіць жанчын у халатах і тапках, каб яны прагаласавалі датэрмінова”.

Незалежнаму кандыдату з Бабруйскай Сельскай акругі Алесю Чыгіру давялося сутыкнуцца зь дзіўным фактам. На інфармацыйных стэндах і ў кабінках для галасаваньня на некаторых участках зьявіўся ўзор, як правільна галасаваць. У ім — прозьвішчы ўмоўных кандыдатаў, якія аднак сугучныя прозьвішчам рэальных супернікаў. Тлумачыць Алесь Чыгір:

(Чыгір: ) “Так Кулакоўскі Юры Аляксандравіч, гэта памочнік прэзыдэнта, стаў чамусьці Кулаковым Юрыем Аляксандравічам, ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, эканамістам. А я, Чыгір Аляксандар Леанідавіч, стаў Чыбісавым Аляксандрам Леанідавічам, тэхнікам-тэхнолягам прадпрыемства “Мілавіца” і чамусьці сябрам палітычнай партыі БСДП НГ”.

На ўзоры для галасаваньня выбар зроблены на карысьць Кулакова, прозьвішча якога нагадвае сапраўднага кандыдата ад улады.

Шклоўская выбарчая акруга — адна зь лідэраў датэрміновага галасаваньня ў Магілёўскай вобласьці. Кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ад БНФ Аляксандар Шчабрак паведамляе, што найбольш актыўна галасуюць сяляне, якіх прывозяць на ўчасткі аўтобусамі.

Вэртыкаль Магілёўшчыны цяпер занятая агітацыяй да рэфэрэндуму. Штодзённа ў аблвыканкаме кіраўнікі розных сфэраў праводзяць прэсавыя канфэрэнцыі, дзе распавядаюць пра дасягненьні. Улады загадалі да 17 кастрычніка ўключыць ацяпленьне і выплаціць людзям усе заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG