Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заяўляе, што яна выкрыла мэханізмы фальсыфікацыяў і што ўжо гатовыя выніковыя пратаколы


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі ініцыятывы “За справядлівыя выбары” і лідэры апазыцыйных партыяў прадэманстравалі журналістам праекты пратаколаў участковых выбарчых камісіяў з гатовымі лічбамі й зводныя табліцы па акрузе з разьмеркаваньнем галасоў на ўчастках. Яны сьцьвярджаюць, што гэтыя дакумэнты ім перадалі супрацоўнікі выканкамаў.

Копіі падрыхтаваных пратаколаў і табліц паралельна патрапілі да актывіста ініцыятывы “За справядлівыя выбары” Анатоля Фёдарава і лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. У іх ужо запісаныя вынікі на карысьць А.Лукашэнкі й кандыдатаў ад улады. Напрыклад, Сяргей Калякін прадэманстраваў такія “вынікі” па 481 менскім участку ў Коласаўскай выбарчай акрузе: яўка — 85%, і пры гэтым “за” на рэфэрэндуме прагаласавалі 75,3% зь іх. На выбарах дэпутата там за Калякіна нібыта “пададзены” 21 голас, за Арцішэўскага — 130, за Палянскую — 968 гадасоў. Апошняя прапагандуецца як кандыдат ад улады.

АнатольФёдараў заявіў, што, паводле ягонай інфармацыі, у мінулыя выходныя кіраўнікі й сакратары ўчастковых камісіяў у памяшканьні раённых адіміністрацыяў Менску падпісвалі бюлетэні, а супрацоўнікі выканкамаў нібыта прастаўлялі патрэбныя значкі ў квадратах “за” і “супраць”. Ініцыятыва “За свабодныя выбары” абяцае, што неўзабаве выступяць сьведкі падобных падзеяў.

Паводле зьвестак прадстаўніка ініцыятывы “За свабодныя выбары” Анатоля Фёдарава, у мінулыя выходныя ў пэўных райвыканкамах быў падрыхтаваны другі камплект бюлетэняў, запоўненых адпаведна са складзеным загадзя фальшывым пратаколам вынікаў галасаваньня. Канчатковае афармленьне вэртыкальлю гэтых матэрыялаў прыпыніла ініцыятыва некаторых актывістаў апазыцыі рваць бюлетэні на дзьве часткі й пакідаць частку з подпісамі сябраў камісіі сабе.

Улады цяпер думаюць, як прыстасаваць свой плян да гэтай ініцыятывы, перакананы Анатоль Фёдараў. Паводле ягоных зьвестак, атрыманых ад ананімных супрацоўнікаў з вэртыкалі, улады рыхтуюцца адсунуць акруговыя выбарчыя камісіі ад падліку галасоў, кантроль за выкананьнем гэтага пляну ўскладзены на супрацоўнікаў Савету бясьпекі. Акрамя таго, як заяўляе спадар Фёдараў, у ноч з 16 на 17 кастрычніка рыхтуецца замена бюлетэняў з урнаў для датэрміновага галасаваньня.

Паводле зьвестак лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, учора ў Жлобіне быў падпісаны пратакол акруговай камісіі па выніках галасаваньня. Дэманструючы копіі нібыта падрыхтаваных ў раённых адміністрацыях выніковых пратаколаў і зводных табліц з “вынікамі” галасаваньня на выбарах і рэфэрэндуме, лідэр ПКБ Сяргей Калякін упэўнены ў арганізаваным характары такіх фальсыфікацыяў.

(Калякін: ) “Фактычна ствараецца цэлая сетка, якая мае яўныя прыкметы арганізаванай злачыннай групы, што робіць замах на канстытуцыйныя асновы Рэспублікі Беларусь, у яе ўключаныя адказныя супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, службы бясьпекі прэзыдэнта, МУС, ідэалягічных аддзелаў выканкамаў, частка кіраўнікоў акруговых і ўчастковых камісіяў. Гэтыя дзеяньні падпадаюць на 100% пад 192 артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі”.

Сяргей Калякін заклікаў А.Лукашэнку і супрацоўнікаў уладных структураў спыніць падрыхтоўку да магчымых фальсыфікацыяў.

У Цэнтарвыбаркаме інфармацыю, агучаную спадарамі Фёдаравым і Калякіным, лічаць ня болей як чуткамі: паводле Выбарчага кодэксу, выканкамы ня могуць замяніць выбарчыя камісіі, кажа сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Дзе знайшоў Калякін такія дакумэнты, хто там намаляваў, выбачайце, я такія рэчы камэнтаваць не зьбіраюся. Тое, што малюе Калякін, тое, што ён дэманструе, гэта хай будзе на ягоным сумленьні”.

Мікалай Лазавік заяўляе, што ўзоры выбарчых пратаколаў любы чалавек можа здабыць у інтэрнэце, яны публікаваліся ў газэтах, і апазыцыя магла такія псэўдадакумэнты падрабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG