Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне толькі адзін незалежны кандыдат дамогся адмены скасаваньня рэгістрацыі за “незаконную агітацыю”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ім стаўся кандыдат ад ПКБ Аляксандар Вінаградаў зь Віцебску. Акруговая камісія доўга вырашала, касаваць або не рэгістрацыю кандыдата паводле скаргаў “асабліва пільных грамадзянаў”.

Акруговая камісія 20-й Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі хацела скасаваць рэгістрацыю Аляксандру Вінаградаву за распаўсюд улётак “Скажы на рэфэрэндуме “НЕ!” Тры дні таму, у панядзелак 11 кастрычніка, паседжаньне камісіі пачалося з чытаньня скаргаў, якія нібыта даслалі ў камісію асабліва пільныя грамадзяне, занепакоеныя агітацыяй супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак спадар Вінаградаў выказаў падазрэньне, што скаргі былі сфальсыфікаваныя. Па-першае, усе 7 допісаў чамусьці прыйшлі ў камісію ў адзін дзень, а па-другое, прыкладзеныя да іх улёткі з партрэтам кандыдата былі не сапраўднымі, а вырабленымі з дапамогаю ксэраксу. Паводле словаў спадара Вінаградава, у яго ўжо быў інцыдэнт зь нібыта “незаконна” вырабленымі ўлёткамі:

(Вінаградаў: ) “У мяне дома ўжо быў несанкцыянаваны ператрус. Шукалі друкавальны станок, на якім я нібыта вырабляю ўлёткі. Гэта не пацьвердзілася, але “незаконныя ўлёткі” “выплылі” зноў. Доказаў у камісіі ніякіх няма, і ўсё выглядала, як зьдзек”.

Чальцы камісіі прапанавалі скасаваць рэгістрацыю кандыдата. І вось тут здарылася тое, чаго, камісія, мабыць не чакала: Аляксандар Вінаградаў пачаў бараніць свой гонар. Яго абразіла тое, што камісія паверыла не яму, кандыдату ў дэпутаты, а нейкім невядомым людзям. Ён казаў таксама пра тое, што абвінавачаньні супраць яго ніякім чынам не пацьверджаныя, што няма сьведкаў таго, што ён распаўсюджваў улёткі з заклікам сказаць “не” на рэфэрэндуме – а калі й распаўсюджваў, то ў гэтым няма нічога супрацьзаконнага, бо агітацыя можа быць як “за”, так і “супраць”.

Камісія разгубілася й пагадзілася абмежавацца папярэджаньнем. Але з пэўнай умоваю: ён мусіў прадставіць камісіі нейкія дакумэнты, якія засьведчылі б тое, што ні ён, ні сябры ягонай ініцыятыўнай групы незаконнай агітацыі не праводзілі.

Што гэта былі за дакумэнты й ці пераканалі яны камісію? На ўчорашняе паседжаньне Аляксандар Вінаградаў прынёс пісьмовыя заявы ад кожнага сябра свае ініцыятыўнае групы пра тое, што незарэгістраванай друкаванай прадукцыі яны не распаўсюджвалі – а таксама асабістую заяву пра тое, што прыцягне да судовай адказнасьці тых, хто узьвёў на яго паклёп.

Магчыма, гэта й падзейнічала. Бо камісія, якая толькі нядаўна абмяркоўвала магчымасьць таго, што могуць зьявіцца новыя лісты й скаргі ды выказвала прапанову зьняць кандыдата, не чакаючы гэтага, раптам перамяніла свае погляды. Літаральна празь пяць хвілін была зачытаная пастанова, у якой кандыдату была абвешчаная вымова, і паседжаньне скончылася. Аляксандар Вінаградаў не пасьпеў нават выступіць супраць неабгрунтаванага, па сутнасьці, пакараньня.

Свае ўражаньні ад гэтае гісторыі ён выказаў наступным чынам:

(Вінаградаў: ) “Камісію можна прыціснуць да сьценкі толькі юрыдычна даказанымі фактамі. І ў мяне гэта на сёньняшні дзёнь атрымалася. Аднак я не выключаю, што заўтра ў камісіі зьявіцца яшчэ стос падобных лістоў, і яна будзе іх разглядаць. Я гатовы да любых правакацыяў з боку ўлады!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG