Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлезапіс канцэрту з удзелам айчынных і замежных выканаўцаў будзе скарыстаны для агітацыі за рэфэрэндум


Ігар Карней, Менск Учора ўвечары ў сталічным Палацы рэспублікі адбыўся зачынены для шырокай публікі канцэрт з удзелам беларускіх артыстаў, а таксама выканаўцаў зь іншых краінаў. У міністэрстве культуры не хаваюць, што канцэрт меў агітацыйныя мэты – выказаць падтрымку важным палітычным падзеям, перадусім, рэфэрэндуму.

16 кастрычніка, напярэдадні галасаваньня, тэлевэрсію канцэрту пакажа канал ОНТ. Аднак, як удалося высьветліць, некаторыя артысты пра сутнасьць мабілізацыі дзеля такой місіі нават не здагадваліся. Выглядае, што канцэрт адбыўся, так бы мовіць, спантанна, без асаблівай рэклямы.

Ніякіх анонсаў не было, паколькі яны й не патрабаваліся. У Палац рэспублікі былі запрошаныя толькі, як кажуць, “абцяжараныя ўладай” “слугі народу”. Зрэшты, у міністэрстве культуры, якое разам з каналам ОНТ выступіла арганізатарам імпрэзы, мерапрыемства называюць нават не канцэртам, а акцыяй, ды яшчэ пад ёмістым лёзунгам “За Беларусь!”. Дарэчы, менавіта такія плякаты з выявамі твараў шчасьлівых вэтэранаў, дзяцей і асобна ўзятых камбайнэраў у Менску красуюцца літаральна на кожным кроку.

Намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц на пытаньне “ці можна разглядаць падобнае мерапрыемства як адзін з элемэнтаў агітацыі за рэфэрэндум?” адказаў так:

(Гедройц: ) “Ну, напэўна ж. Гэта вялікі канцэрт, прафэсійнае мастацтва, самадзейных калектываў няма. Да таго ж, у Палацы рэспублікі праводзіцца. Таму, натуральна, канцэрт да гэтых падзеяў прымеркаваны”.

А вось бальшыня ўдзельнікаў канцэрту на такое ж пытаньне рэагавала разгублена: маўляў, ведаць нічога ня ведаем. Вось што сказала ўчора перад “акцыяй” Ядзьвіга Паплаўская:

(Паплаўская: ) “Нічога ня ведаю... Напярэдадні, як кажуць, “прамацалі” крыху сцэну, а сёньня ўвечары будзе “прагон”. Спачатку аркестар Фінберга будзе гадзіну граць, а потым ужо ўсе астатнія... Увогуле, канцэрт вельмі працяглы, паколькі здымачны. Але калі насамрэч будзе эфір – ня ведаю”.

Для тых, хто ня ведае, на канале ОНТ паведамілі: канцэрт пакажуць 16 кастрычніка, напярэдадні галасаваньня.

Хто і на якіх умовах выступаў перад досыць спэцыфічнай аўдыторыяй? Якраз напярэдадні канцэрту я затэлефанаваў на ОНТ і папрасіў сьпіс удзельнікаў. Надзіва, мне яго сапраўды даслалі. На сцэну цягам пяці гадзінаў выходзілі амаль чатыры дзесяткі выканаўцаў, ня лічачы дэфіле фіналістак конкурсу прыгажосьці. Геаграфія удзельнікаў канцэрту надзвычай шырокая – ад Латвіі, Сэрбіі й Баўгарыі да Казахстану і Ўзбэкістану. Ад Беларусі – ужо згаданы аркестар Фінберга, ансамблі “Сябры”, “Песьняры”, дуэты Паплаўская-Ціхановіч і “Аляксандра і Канстанцін”, Іна Афанасьева, Кірыл Слука, Аляксандар Саладуха, гурт “J-Морс” і шмат хто іншы.

На акцыю запрасілі таксама расейцаў Алега Газманава, Ігара Саруханава, Лаліту, гурт “Пламя”, украінца Леры Віна, грузіна Таймураза Баджгуа, гурт з Казахстану “А-студыё” ды вялікага сябра яшчэ Савецкага Саюзу Бісера Кірава. Як выказалася адна з удзельніцаў канцэрту, Іна Афанасьева, атрымалася “два ў адным” – “Славянскі базар” ды архаічна-савецкі “Шире круг”. Сама ж Афанасьева ў канцэрце ўзяла ўдзел, бо атрымала такую прапанову:

(Афанасьева: ) “Я не рэжысэр канцэрту, таму да чаго “прывязка” – паняцьця ня маю. Прыкладам, пра расейскіх выканаўцаў увогуле ўпершыню ад вас чую. Але ў бальшыні сваёй нас і не папярэджваюць, у якім складзе хто працуе”.

Зрэшты, склады так званых “урадавых” ці афіцыйных канцэртаў амаль нязьменныя. Натуральна, што немагчыма ўявіць, каб перад кіраўніцтвам краіны выступалі, як выказаўся сам Лукашэнка, розныя “дзюбеля” ды “паласы”. Я запытаўся ў папулярнага выканаўцы Зьміцера Вайцюшкевіча: ці бачыць ён сувязь паміж тэрмінова арганізаванай акцыяй і ўдзелам ў ёй вядомых выканаўцаў – перадусім, расейскіх?

(Вайцюшкевіч: ) “Сувязь непасрэдная. Зрэшты, банальна ўжо казаць, што такім чынам купляюцца галасы”.

(Карэспандэнт: ) “І цалкам натуральна, што гэта не дабрачыннасьць – пэўныя грошы артысты атрымаюць?”

(Вайцюшкевіч: ) “Я думаю, што так. Увогуле мяркую, што тут толькі фінансавы аспэкт. З нашымі выканаўцамі ў гэтым зьвязку пытаньняў увогуле ніякіх не ўзьнікае, а з расейцамі яны знойдуць агульныя інтарэсы”.

Прадстаўнікі ОНТ пацьвердзілі, што ганарары атрымаюць усе артысты, запрошаныя з-за мяжы. А вось пра беларускіх выказаліся няпэўна: маўляў, для іх і так вялікі гонар выступаць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG