Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчыя падзеі – у цэнтры ўвагі ўсіх беларускіх газэт


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Антырэфэрэндумная агітацыя “зрабіла” са Зьмітра Крэчата злачынцу, паведамляе сёньняшняя “Наша ніва”. Цяпер яго й ягонага брата Дзяніса вышуквае міліцыя. Фотаробаты маладых хлопцаў 21 і 26 гадоў разьвешаны па ўсіх аддзяленьнях міліцыі. “Злачынцамі” Зьміцер і Дзяніс сталіся пасьля таго, як пры канцы верасьня за ўласныя грошы надрукавалі тысячу асобнікаў антырэфэрэндумных плякатаў “Лукашэнка зажраўся. Мы павінны мець права на выбар. Галасуем “не” (на расейскай мове) і разьвесілі плякаты па Менску.

Апрача таго “Наша ніва” публікуе рэпартаж з палескай вёскі Тульгавічы, што знаходзіцца ў Чарнобыльскай зоне. У гэтай вёсцы жывуць людзі, прычым жывуць даволі цяжка, і побыт іхны за часы праўленьня Лукашэнкі не палепшыўся. Чаму ж яны хочуць за яго галасаваць? Адказ на гэтае пытаньне шукаў аўтар газэты Барыс Тумар.

У Берасьці на датэрміновае галасаваньне прымусова зганяюць студэнтаў мясцовага тэхнічнага ўнівэрсытэта, распавядае “Брестский курьер”. Толькі ў першы дзень ажно 11 адсоткаў студэнтаў прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Варта заўважыць, што менавіта ў гэтай навучальнай установе ня так даўно чытаў лекцыю сам Аляксандар Лукашэнка.

Зь іншых матэрыялаў, якія падае выданьне – артыкул пра непрыемную для мясцовых прадпрымальнікаў навіну: яны цяпер мусяць арандаваць гандлёвыя месцы на гэтак званай аўкцыённай аснове. Памер арэнднай платы будзе вызначацца шляхам аўкцыёну – хто болей заплаціць, той і застанецца гандляваць. Яшчэ ў мінулым годзе выйшаў адпаведны дэкрэт прэзыдэнта, але на практыцы ён не выконваўся. Цяпер берасьцейскія ўлады раптам згадалі пра той нарматыўны акт.

А “Бобруйский курьер” нагадвае чытачам пра тое, што 17 кастрычніка адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы за ліквідацыю галечы. І менавіта ў гэты дзень беларусы пойдуць на рэфэрэндум і на парлямэнцкія выбары. Жабракоў у Беларусі амаль няма, і багатых таксама. Кіраўнік краіны ганарыцца тым, што краіна жыве стабільна, але ж ці ёсьць такая стабільнасьць вялікім дасягненьнем? На гэтую тэму разважаюць аўтары выданьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG