Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйская “Die Presse” – трэба чакаць, што і цяперашнія выбары будуць фальсыфікаваныя


Ул. інф. “У нядзелю беларусы будуць выбіраць новы парлямэнт і шляхам рэфэрэндуму, праўдападобна, дадуць карт-блянш на трэці прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнку”, – піша венская “Die Presse”. Паводле аўстрыйскага выданьня, трэба чакаць, што цяперашнія выбары будуць яшчэ больш сфальшаваныя, чым папярэднія.

Як піша “Die Presse”, ад часу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі у 2001 годзе рэпрэсіі супраць апазыцыі, незалежных СМІ, няўрадавых арганізацыяў ды нязгодных з рэжымам грамадзянаў толькі ўзрасьлі. Аўстрыйская газэта спасылаецца на словы гарадзенскага інжынэра. Кіраўніцтва фірмы, дзе той працуе, пагражае яму і ягоным калегам звальненьнем, калі яны ня пойдуць на рэфэрэндум.

Паводле словаў гарадзенскага ўнівэрсытэцкага прафэсара, якія таксама прыводзіць аўстрыйскае выданьне, беларускія ўлады імкнуцца ізаляваць апазыцыю ад грамадзтва, стварыць свайго роду дэмакратычнае гета.

Як піша нямецкая “Mitteldeutsche Zeitung”, нягледзячы на 10 год кіраваньня краінай “Лукашэнка не выглядае стомленым ад улады”. Хаця абвешчаны ім рэфэрэндум яшчэ больш сапсаваў ягоныя дачыненьні з Захадам. Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Напярэдадні беларускі лідэр абвінаваціў Захад ў намеры фізычна зьнішчыць яго. Маўляў, ён як прэзыдэнт мае ўсе доказы на гэты конт. Аднак Лукашэнка ўпэўнены, што падобныя брутальныя намеры Захаду нададуць яму толькі дадатковыя галасы.

Паводле “Mitteldeutsche Zeitung”, будучыня Лукашэнкі, якога пасьля зьвяржэньня Мілошавіча называюць “апошнім дыктатарам Эўропы”, цалкам залежыць ад таго, як яе вырашыць расейскі прэзыдэнт Пуцін. Пакуль Крэмль будзе захоўваць з Захадам такія напружаныя стасункі як цяпер, Пуцін ня дасьць зваліць свайго беларускага калегу.

Як зазначае “Mitteldeutsche Zeitung”, у самой Расеі, дарэчы, мала хто верыць, што сам Пуцін абмяжуецца толькі двума прэзыдэнцкімі тэрмінамі. Многія ўзгадваюць практыку былых рэспублік савецкай Сярэдняй Азіі й суседняй Беларусі, калі з дапамогай плебэсцытаў даволі лёгка можна зьмяніць адпаведнае палажэньне вярхоўнага закону краіны – Канстытуцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG