Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская міліцыя затрымлівае давераных асобаў незалежных кандыдатаў


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Гомельскай вобласьці міліцыя бяз ніякіх тлумачэньняў затрымлівае давераных асобаў незалежных кандыдатаў у дэпутаты, тым самым перашкаджаючы ім весьці агітацыйную кампанію.

Учора ўвечары ў Сьветлагорску, у гандлёвай краме “Першамайская”, міліцыя затрымала Івана Каратчэню і Віктара Ахрэмчука. Яны як давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты ад БНФ Віктара Раманішкі з дазволу адміністрацыі вывешвалі ўлёткі свайго прэтэндэнта ў парлямэнт — побач з агітацыйнымі матэрыяламі кандыдаткі ад улады Валянціны Кавалёвай. Спачатку міліцыянты праверылі дакумэнты давераных асобаў кандыдата ад БНФ і адыйшлі. Што было далей, распавядае Іван Каратчэня:

(Каратчэня: ) “Адышліся яны крышачку — і зноў падыходзяць. А можна, мы яшчэ? За кайстру — і туды палезьлі. Дастаюць, глянулі. А што гэта тут напісана? Скажы Лукашэнку “не”! О-о, пачакайце, хлопцы, зараз будзем з вамі разьбірацца. На тэлефон, патэлефанаваў некуды. Ну, хлопцы, зараз вы паедзеце ў КГБ. Выклікаюць машыну. Усё, пайшлі! Завезьлі нас у райаддзел, у міліцыю”.

Начальнік сьветлагорскай міліцыі Мікалай Раговіч на пытаньне, якімі прынцыпамі кіруюцца ягоныя падначаленыя, затрымліваючы давераных асобаў, адказаў:

(Раговіч: ) “Парушэньне грамадзкага парадку — прынцып, прадугледжаны заканадаўствам. У мяне ідзе нарада, я заняты”.

Затрыманьні, падобныя на сьветлагорскія, у рэгіёне здараюцца ледзь ня кожны дзень. У Нароўлі нядаўна падчас раздачы перадвыбарчых улётак міліцыя ажно на трох аўтамашынах узяла ў аблогу групу і самога кандыдата ў дэпутаты ад АГП у Палескай выбарчай акрузе Мікалая Гаўрыленку. Разьвіцьцё інцыдэнту высілкамі кандыдата ўдалося прадухіліць.

У Рэчыцы на рынку “Славянскі” міліцыянты перашкаджалі распаўсюджваць улёткі незалежнаму кандыдату Леаніду Невару. А ў Добрушы ўчора быў затрыманы і аштрафаваны амаль на 100 тысяч рублёў Артур Цурбакоў, давераная асоба гомельскага кандыдата ў дэпутаты ад АГП Алеся Карніенкі. Спадар Цурбакоў вёз у сваёй аўтамашыне газэту “Неделя” і ўлёткі “Скажы Лукашэнку “не”!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG