Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Расея толькі ў жудасным сьне можа ўявіць, што згубіць Беларусь”, але будучыня “саюзнай дзяржавы” выглядае аморфна


Ігар Карней, Менск Другі год запар Лукашэнка ладзіць сустрэчы з журналістамі расейскіх выданьняў. Сёлетні прыезд васьмі дзясяткаў расейцаў быў прымеркаваны да рэфэрэндуму.

Афіцыйна акрэсьленая тэма сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі расейскіх СМІ — супрацоўніцтва Беларусі з расейскімі рэгіёнамі. Аднак на працягу чатырох гадзінаў Лукашэнка рабіў і больш шырокія камэнтары. Перадусім, у зьвязку з апошнімі захадамі з боку ЗША і Эўразьвязу.

(Лукашэнка: ) “Амэрыканцаў клапоціць дэмакратыя ў Беларусі — прынялі “Акт аб дэмакратыі”. Наўпроставае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і ціск на рэспубліку! Але які эфэкт? Адсоткаў сем яны мне дадалі. Як мінімум сем! Адышоў той час, калі хтосьці на кагосьці ціснуў. Дый сёньня ўнутры Расеі ня ўсюды магчыма зрабіць так, як хоча таго цэнтар”.

Побач з прысутнымі на прэсавай канфэрэнцыі расейскімі журналістамі стаялі ўказальнікі мас-мэдыяў, якія яны прадстаўляюць: “Панорама Содружества”, “Русский Север”, “Советская Россия”, “Хакасия” і шэраг іншых — разам 68 найменьняў. Назвы гэтыя беларускім чытачам збольшага ні пра што не гавораць. Чаму тады Аляксандар Лукашэнка настолькі зацікаўлены ў кантактах з правінцыйнай расейскай прэсай? Вось меркаваньне намесьніка рэдактара газэты “Народная воля”, доктара філязофскіх навук Вячаслава Оргіша.

(Оргіш: ) “Расейскія журналісты — гэта тое кола інфармацыйнай прасторы, з дапамогай якога Лукашэнка спадзяецца мабілізаваць беларускі электарат на рэфэрэндум, на падтрымку яго галоўнай ідэі. Зь іншага боку, ён разьлічвае ад сустрэчы з журналістамі нейкім чынам зьмякчыць жорсткае стаўленьне міжнароднай супольнасьці да антыканстытуцыйнага намеру правесьці гэты рэфэрэндум і дамагчыся дазволу застацца пры ўладзе надалей”.

Галоўны рэдактар газэты “Хакасия”, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Расеі Мікалай Агароднікаў у Беларусі ўпершыню. Запытваю пра ўражаньні ад краіны і прэзыдэнта:

(Агароднікаў: ) “Беларусь сама па сабе цікавая. Зь іншага боку, у нас, “атручаных” прыватызацыяй і прыватнай уласнасьцю, шпарчэй разьвіваецца і гандаль, і гарады нейкія больш яскравыя. Але ж Расея і багацейшая краіна. А што да чатырохгадзіннай гутаркі з Лукашэнкам? Ну, дык наш прэзыдэнт таксама зьбірае час ад часу журналістаў. Так што гэта ня ноў-хаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але яшчэ не было, каб расейскі прэзыдэнт запрашаў беларускіх журналістаў”.

(Агароднікаў: ) “Такога, сапраўды, не было. Ён запрашае з больш багатых краінаў. Кожны прэзыдэнт імкнецца дасягнуць свайго і, відавочна, дасягае”.

Сёньня Лукашэнка папярэдзіў: калі Расея згубіць Беларусь — для расейцаў гэта будзе сапраўдны жах.

(Лукашэнка: ) “Расея толькі ў жудасным сьне можа ўявіць, што яна згубіць Беларусь. Але вы павінны зразумець: Расея ніколі ад часу сучаснай гісторыі не вырашала пытаньняў улады ў Беларусі. І сьведкам таму — цяперашні прэзыдэнт”.

Меў Лукашэнка на ўвазе сябе ці Пуціна, з кантэксту не зусім зразумела. Аднак ён выказаў спадзяваньне на хуткую сустрэчу са сваім расейскім калегам. “Цяпер скончацца палітычныя падзеі, і да канца году насьпее пытаньне паседжаньня вышэйшага дзяржсавету”.

Паводле беларускага лідэра, Расея прынцыпова адмаўляецца ад дзьвюх рэчаў — Канстытуцыі саюзнай дзяржавы і агульнай валюты. І нават прапануе фактычна дэнансаваць дамову пра саюзную дзяржаву. З улікам гэтага, як падсумаваў Лукашэнка, будучыня саюзнай дзяржавы выглядае досыць аморфнай.

***

Наагул падчас размовы кіраўнік Беларусі закрануў шырокае кола праблемаў двухбаковых стасункаў. Сярод выказваньняў Лукашэнкі варта адзначыць наступныя:

– Расея не гатовая прыняць Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы, Расея прапануе ў пэўнай ступені дэнансаваць дзейную саюзную дамову, зрабіць яе аморфнай.

– Расея не гатовая да ўвядзеньня агульнай валюты зь Беларусьсю, паводле саюзнай дамовы з 1 студзеня 2008 года ў саюзнай дзяржаве павінна быць уведзеная агульная валюта (не абавязкова расейскі рубель). Лукашэнка заявіў, што Расея ніколі не адмовіцца ад расейскага рубля ў імя агульнай валюты.

– Беларусь у найбліжэйшы час ня будзе фарсіраваць увядзеньне агульнай валюты з Расеяй, спачатку, паводле Лукашэнкі, трэба выканаць усе фінансавыя і эканамічныя абавязкі, што вынікаюць з саюзных пагадненьняў.

– Цяпер беларускі рубель умацоўваецца адносна ўсясьветных валютаў, “мы пакуль камфортна адчуваем сябе і зь беларускім рублём” – заявіў Лукашэнка.

– Расея ніколі ў найноўшай гісторыі не вырашала пытаньні ўлады ў Беларусі. Паводле Лукашэнкі на выбарах першага прэзыдэнта Беларусі Расея падтрымлівала Вячаслава Кебіча, але народ вырашыў інакш. "Ня можа Расея павярнуць тут сытуацыю так, як яна хоча. Як толькі нават наша Расея пачынае ўмешвацца ва ўнутраныя пытаньні, народ гэта крыўдзіць і злуе. Мы – гордыя людзі, і намі камандаваць ніхто не мае права"– заявіў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG