Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двухмэтровая агароджа вакол генэральнай пракуратуры Беларусі – “выключна эстэтычная рэч”


Галіна Абакунчык, Менск Генэральная пракуратура Беларусі сталася першым адміністрацыйным будынкам у структуры вышэйшай уладаў краіны, вакол якой днямі была ўсталяваная двухмэтровая агароджа.

Некалькі гадоў таму замову на выраб агароджы для рэзыдэнцыі прэзыдэнта атрымалі рабочыя менскага мотавэлязаводу. Аднак тады загад на выраб канструкцыі адмяніў Аляксандр Лукашэнка, патлумачыўшы нежаданьнем быць адгароджаным ад народу.

Зь якой прычыны генэральны пракурор Віктар Шэйман узьвёў каля сваёй адміністрацыі мэталёвы плот? Кіраўнік прэсавай службы Юры Азаронак сьцьвярджае, што агароджа ўсталяваная ў агульным кантэксьце добраўпарадкаваньня Менску й мае выключна эстэтычную скіраванасьць. Вось што ён сказаў у інтэрвію радыё Свабода:

(Азаронак: ) “Любы нармалёвы чалавек радуецца, што наш Менск становіцца прыгажэйшым і лепшым. Па-мойму, агароджа высокамастацкая, прыгожая. Раней тут быў кепскі асфальт, таму гэта выключна эстэтычная рэч”.

Агароджа дэкаратыўная, вырабленая з чырвонага мармуру й чорнага мэталю, а таму сапраўды мае прывабны выгляд. Акрамя таго, яна ўтварыла ўнутраны двор вакол усяго будынку пракуратуры, бо на некалькі мэтраў аднесеная на колішні тратуар. У двары зробленыя зялёныя газоны й кветнікі. Натуральна, што такая прыгажосьць каштуе не адну тысячу даляраў, але колькі дакладна – спадар Азаронак паведаміць адмовіўся.

Зразумела, ніводная канструкцыя ў гэтай ці іншай частцы гораду ня можа быць узьведзеная без узгадненьня з архітэктарамі ці іншымі адмыслоўцамі. Як вядома, пракуратура месьціцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай, якая лічыцца старой часткай гораду. Ці не парушае гэтая агароджа архітэктурнага аблічча старой часткі Менску? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася ў Дэпартамэнт па ахове гісторыка культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Адмысловец гэтай установы Ігар Чарняўскі сказаў наступнае:

(Чарняўскі: ) “Тая частка гораду, дзе стаіць пракуратура – яна ўжо ня ёсьць гістарычнай часткай Менску. Агароджа стала па чырвонай лініі, якая супадае з гістарычнай забудовай, што цягнецца далей у бок Гарадзкога валу. Так што тут ніякіх пярэчаньняў няма”.

Калі, паводле спадара Чарняўскага, агароджаная пракуратура не пагаршае архітэктурнага аблічча Менску, дык яна відавочна перашкаджае мінакам. Дарэчы, ня ўсе зь іх вераць, што двухмэтровы плот мае выключна эстэтычную функцыю. Вось што ў інтэрвію Свабодзе казалі мінакі на Інтэрнацыянальнай вуліцы сталіцы:

(Спадарыня: ) “Прыгожа, вельмі, але вельмі блізка да дарогі. Людзі будуць хадзіць, а машыны іх – абліваць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што спачатку трэба больш увагі надзяляць людзям, а пасьля наводзіць прыгажосьць”.

(Спадар: ) “Канечне, шмат грошай пайшло на такое ўпарадкаваньне. Людзі галадаюць, а тут адгароджваюцца”.

(Спадар: ) “Што я думаю? Адгароджваюцца ад нас”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, што яны гэтым хацелі паказаць ці сказаць. Будынак сам па сабе запалохвае. А тут яшчэ гэты плот – мне, да прыкладу, не зразумела, што гэта”.

Таго меркаваньня, што адміністрацыя Віктара Шэймана адмыслова адгарадзілася ад людзей, трымаецца таксама колішні сьпікер парлямэнту й былы высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства ўнутраных справаў Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Я 36 гадоў адпрацаваў у органах унутраных справаў Беларусі, кантактаваў з пракуратурай і іншымі сілавымі структурамі, але я ніколі ня чуў і ня бачыў, каб пракуратуру абносілі нейкім плотам. Гэта можа азначаць толькі тое, што яны хочуць падвысіць сваю бясьпеку. З гэтага можна зрабіць выснову, што ня так усё добра ў пракуратуры й ня ўсё яны робяць паводле закону. Калі людзі трымаюцца закону, то баяцца няма чаго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG