КАБУЛ. У Аўганістане ўжо названыя імёны двух чалавек, якія ўвойдуць у склад незалежнай камісіі ў справе разгляду скаргаў на шматлікія парушэньні працэдуры галасаваньня ў часе суботніх выбараў у гэтай краіне.
Адзін зь іх – былы канадзкі дыплямат, другі – экспэрт у справе правядзеньня выбараў са Швэцыі. Трэцяга чальца камісіі мусіць запрапанаваць Эўрапейскі зьвяз.
У часе выбараў перамог, як мяркуецца, цяперашні аўганскі лідэр Хамід Карзай. Ягоны галоўны супернік Юнус Кануні заявіў,што гатовы прызнаць любое рашэньне незалежнай камісіі. Прамаўляючы ў Кандагары, Кануні заявіў:
(Кануні) “Мы хочам каб выбарчы працэс працягваўся. Мы ня хочам байкатаваць выбары, нягледзячы на парушэньні ў часе галасаваньня. Мы шануем волю аўганскага народу”.
Падлік галасоў у Аўганістане пакуль адкладзены.
Між тым сёньня ў Кабуле ў выніку ракетнага абстрэлу загінуў 16-ці гадовы юнак. На горад упалі 5 ракетаў.