Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Вайтовіч: зьезд навукоўцаў скасавалі, бо “ўладам няма з чым ісьці на зьезд, няма чаго паказваць”


Ігар Карней, Менск Чаму другі раз запар улады адмянілі зьезд навукоўцаў літаральна напярэдадні абвешчанай даты – 8 кастрычніка? Як і ў 2002 годзе, прадстаўнікам навуковай сфэры нічога не патлумачылі, паабяцаўшы толькі, што рана ці позна мерапрыемства адбудзецца. Напярэдадні наш карэспандэнт сустрэўся з акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандрам Вайтовічам, які выказаў сваё меркаваньне з нагоды адтэрміноўкі заплянаванага зьезду.

Навіна сапраўды навукоўцаў шакавала, бо сур’ёзная размова з вышэйшым кіраўніцтвам краіны насьпела даўно. Як кажуць у той жа Акадэміі навук, стан навукі ў Беларусі самы незайздросны ў параўнаньні з краінамі-суседзямі – і ў сэнсе фінансаваньня, і ў справе адтоку лепшых кадраў за мяжу. Гэтыя пытаньні навукоўцы меліся адрасаваць Аляксандру Лукашэнку.

Але калі восеньню 2002-га зьезд забаранілі без тлумачэньня прычынаў, то зараз яго быццам перанесьлі на сьнежань: хоць чаму гэта зрабілі так раптоўна, нягледзячы на тое, што ўжо была аплачаная зала Палаца Рэспублікі – зараз можна толькі здагадвацца. Вось што з гэтай нагоды кажа Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Ішла падрыхтоўка, былі пэўныя выдаткі: выдадзеная літаратура, спэцвыпуск “Акадэмічнай газэты”, адмысловы часопіс падрыхтаваны да зьезду. І раптам усё скасавалі. Мяркую, самая галоўная прычына – уладам няма з чым ісьці на зьезд, няма чаго паказваць. Колькасьць навукоўцаў увесь час скарачаецца, фінансаваньне навукі надзвычай нізкае – апошнія два гады на ўзроўні 0,7% ад валавага ўнутранага прадукту. Гэта вельмі нізкі паказчык, гэта разбурэньне навукі”.

Спадар Вайтовіч праілюстраваў сытуацыю самымі яскравымі прыкладамі – узроўнем аплаты працы ды заслугаў навукоўцаў. Так, у Расеі акадэмік атрымлівае за акадэмічнае званьне амаль 700 даляраў, ва Ўкраіне прыкладна 450, нават у Азэрбайджане навука ў пашане – на ўзроўні 300 даляраў. У Беларусі акадэмік мае даплату ў памеры 130 даляраў, і тое яе пачынаюць выплочваць ад сярэдзіны года.

Калі вярнуцца да зьезду, які так і не адбыўся, то можна правесьці і некаторыя досыць дзіўныя паралелі: таго ж Вайтовіча на час працы зьезду спрабавалі адправіць у камандзіроўку. Чаму кіраўніка акадэмічнага інстытуту запатрабавалася тэрмінова кудысьці камандзіраваць – пытаньне рытарычнае.

Якраз тое, што спадара Вайтовіча спрабавалі выправіць за межы Менску, ускосна сьведчыць, што напярэдадні выбараў ды рэфэрэндуму ўлады не хацелі перадусім палітычных экспромтаў.

Паводле сп. Вайтовіча, адрозна ад працоўных калектываў, якія масава рапартуюць пра неабходнасьць падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, сярод навукоўцаў такой аднадушнасьці няма. І гэта яшчэ адна прычына, чаму зьезд напярэдадні рэфэрэндуму праводзіць не рызыкнулі.

(Вайтовіч: ) “Улады не знайшлі знакавых фігураў, якія выступілі б з апалягетычнай прамовай перад зьездам. Некаторыя, я ведаю, згадзіліся выступіць, але гэта ня той узровень. Гэта таксама важкая прычына”.

Нарэшце, трэцяя прычына, зь якой маглі адтэрмінаваць ці зусім адмяніць зьезд навукоўцаў – сама асоба спадара Вайтовіча. Пасьля таго як падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка дазволіў сабе абразіць цэлы шэраг былых дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку й Вайтовіча, і ў адказ на гэтыя абразы ў “Народнай волі” зьявіўся адкрыты ліст Вайтовіча да кіраўніка дзяржавы, пускаць апанэнтаў на адно поле прэзыдэнцкая адміністрацыя не рызыкнула.

(Вайтовіч: ) “Мае сябры, іншыя навукоўцы кажуць, што, мабыць, яшчэ адной прычынай адмены зьезду тое, што я напісаў адкрыты ліст Лукашэнку. Мабыць, жартуюць... Але, зрэшты, маглі напужацца, што знойдуцца людзі, якія ўстануць і скажуць праўду. Гэтага яны моцна баяцца”.

Папярэдне зьезд беларускіх навукоўцаў плянуецца правесьці ў сьнежні. Ці ня здарыцца да таго часу яшчэ нейкая надзвычайная сытуацыя – не прагназуе ўжо ніхто.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG