Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць кандыдата ад АГП Марыны Багдановіч рыхтавалася правакацыя


Віталь Сямашка, Ліда У Лідзе адбылася апошняя перад маючым адбыцца галасаваньнем сустрэча ўсіх кандыдатаў у дэпутаты з выбарцамі. У часе яе была сарваная правакацыя супраць асноўнага апазыцыйнага кандыдата, сябры АГП Марыны Багдановіч, якая фактычна замяніла ў 56-ай выбарчай акрузе экс-лідэра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца, які быў зьняты з выбарчай гонкі Цэнтрвыбаркамам.

На сустрэчу ў гарадзкі Палац культуры гэтым разам прыйшлі супрацоўнікі тутэйшай прэзыдэнцкай вэртыкалі ды падаткавікі. Хада сустрэчы зь першых хвілінаў была ўзарваная словамі Марыны Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Я хачу задаць адно пытаньне: чым жа застрашыла ўладу я – жанчына? Чаго баіцца былы мэр нашага горада, за якім 12 гадоў працы, выканкам, што рыхтуе сустрэчы, піша ўлёткі ды разьвешвае іх па горадзе, хаця патлумачылі ўсім кандыдатам, што рашэньнем выканкама ёсьць толькі пяць месцаў, дзе можна вывешваць сваю агітацыю? Я іду да канца і ўжо не баюся. Што б тут не адбылося, я вас прашу быць спакойнымі!”

Некалькімі гадзінамі раней спадарыні Багдановіч паведамілі, што ейны перадвыбарчы выступ зьняты з эфіру Лідзкага гарадзкога радыё. За паўгадзіны ж да згаданай сустрэчы Багдановіч атрымала, бадай, шокавае паведамленьне, пра якое пасьля расказала карэспандэнту “Свабоды”:

(Багдановіч: ) “Мне патэлефанаваў адзін з маіх сяброў, які працуе ў органах, ды папярэдзіў, што рыхтуецца правакацыя, якая заключаецца ў тым, што сярод удзельнікаў сустрэчы будуць распаўсюджаныя фальшывыя ўлёткі нібыта з маім выступам на Лідзкім радыё, дзе я нібыта заклікала да прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі за незаконны гандаль зброяй. Гэта мусіла стаць падставай для таго, каб з залы запатрабавалі зьняць маю кандыдацкую недатыкальнасьць і фактычна маглі апрануць на мяне наручнікі. У зале прысутнічала 5 міліцыянтаў. Калі мы падыходзілі, убачылі машыну з амонаўцамі, як кажуць, у баявой форме”.

Арганізатары правакацыі, аднак, не разьлічылі, што паведамленьне фактычна аб’яднае астатніх двух кандыдатаў супраць так званай партыі улады, якую прадстаўляе былы мэр, а цяпер намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімер Малец. Вось як, да прыкладу, выказалася спадарыня Яніна Гузоўская з ПКБ:

(Гузоўская: ) “Я хачу падтрымаць Марыну Багдановіч. Каб я была мужчынай, дык стрэліла б у сябе, каб так праводзілі маю выбарчую кампанію. Вы парушаеце законы й лічыце, што ўсё ў парадку! Пра ТБ ды радыё я не кажу – вы ўсе ведаеце, як мы добра жывем, калі ўключыць каналы. Але калі так, чаму няма грошаў на моладзь?! У нас па Лідзкай раённай акрузе ідзе чалавек, што ўзначальвае рэспубліканскую маладзёвую арганізацыю. У яе ўвалена столькі грошай, што можна было б забясьпечыць кожнага маладога чалавека парашутам, а не мячом, як сёньня Уладзімір Малец сказаў: а чаму прадпрымальнікі ня купяць па мячу? А колькі выкупіў выканкам са сваіх заробкаў?! Зараз вырашаецца наш лёс. Я разумею, вы людзі нявольныя. Але ніхто ня будзе вас у кабінцы за рукі трымаць! Я заклікаю супрацоўнікаў КДБ, што ў гэтай зале. Калісьці Дзяніс Давыдаў сказаў: жыцьцё Айчыне, годнасьць – нікому!”

Адказ Уладзіміра Мальца, відавочна, не пераканаў залю:

(Малец: ) “Асноўная функцыя дэпутата – законатворчая. І ня трэба шукаць чорных плямаў. Скіраванасьць на адмоўную энэргію разбурае і чалавека, і грамадзтва”.

(Голас з залы: ) “Гэта ўжо байка!” (шум)

Пасьля з залы адно за адным пасыпаліся вострыя пытаньні, якія тут жа перапыніў вядучы ад Лідзкага выбаркама: маўляў, тут мусіў пачацца арганізаваны уладамі ж, як казалі, дабрачынны канцэрт Дзяржаўнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Прысутныя, хто меў ахвоту, працягнулі дэбаты на вуліцы. Задуманая ж кімсьці правакацыя супраць Марыны Багдановіч закончылася правалам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG