ГААГА. У Гаазе аднаўляецца судовы працэс у справе былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Перапынак, які працягваўся адзін месяц, быў выкліканы неабходнасьцю даць магчымасьць азнаёміцца з матар’яламі справы юрысту Стывэну Кэю, які будзе абараняць Слабадана Мілошавіча. Тым часам апэляцыйная палата разглядае заяву былога прэзыдэнта аб тым, што ён будзе абараняць сябе сам. Адвакат Стывэн Кэй быў прапанаваны судом у верасьні, насуперак заявам Мілошавіча аб тым, што ён юрыста не патрабуе. Падставай для запрашэньня юрыста стала заключэньне мэдыцынскай камісіі, паводле якога высокі крывяны ціск і праблемы з сэрцам у Слабадана Мілошавіча не дазваляюць яму актыўна браць удзел у працэсе. Былому прэзыдэнту прад’яўленыя абвінавачаньні па 66 пунктах. Яго абвінавачваюць у гэнацыдзе й злачынствах супраць чалавечнасьці.