Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine”: “Немцы атручваюць беларускі народ”, а Бэрлін зноў дэманструе сваю бездапаможнасьць у беларускім пытаньні


Ул. інф. Нямеччына пасьля некаторай паўзы адрэагавала на тыя абвінавачаньні, якія былі агучаныя беларускім кіраўніком на паседжаньні Савету бясьпекі. Шэраг нямецкіх выданьняў, уключна з “Frankfurter Allgemeine”, “Stern” ды іншымі, называюць гэтыя абвінавачаньні дзіўнымі, вульгарнымі й дзёрзкімі. У публікацыях прыводзяцца словы прадстаўніка палітычнай дырэкцыі нямецкага МЗС, які нядаўна знаходзіўся ў Беларусі, пра тое, што ўсё гэта ёсьць інструмэнтам запалохваньня тых немцаў, якія зьбіраюцца ехаць у Беларусь. Аўтары публікацыяў крытыкуюць Бэрлін і Брусэль за тое, што Эўразьвяз зноў дэманструе сваю бездапаможнасьць у беларускай сытуацыі.

“Зь Нямеччыны, як з самай разумнай і найлепшай, і пачнем”, — гэтыя словы беларускага кіраўніка (таго самага, які аднойчы ўсхваляў Гітлера) сталі своеасаблівым пачаткам атакі на Бэрлін, — піша “Frankfurter Allgemeine”. 3 кастрычніка, у дзень нацыянальнага сьвята Нямеччыны, у самы зручны для гледачоў час беларуская тэлевізія паказала сюжэт на тэму, як немцы атручваюць беларускі народ наркотыкамі й як прапагандуюць гомасэксуалізм у гэтай краіне.

У перадачы прыводзіўся прыклад 40-гадовага нямецкага дыплямата, які раней працаваў ва Ўкраіне. Атрымаўшы прызначэньне на працу ў нямецкую амбасаду ў Менску, той прыехаў у Беларусь разам са сваім блізкім сябрам-украінцам. Сёлета ў чэрвені беларускія ўлады абвінавацілі ўкраінца ў распаўсюдзе наркотыкаў і арыштавалі. Гэты выпадак, піша нямецкае выданьне, стаў прадметам перамоваў паміж спэцслужбамі Бэрліна і Менску. Тым часам нямецкі дыплямат зьехаў зь Беларусі. У сваім сюжэце беларускае тэлебачаньне выставіла ягоную краіну як сапраўдны прытулак для наркаманаў і аматараў сэксуальных оргіяў.

Словы Лукашэнкі адносна схіленьня беларусак да прастытуцыі таксама знайшлі адпаведны рэзананс у тэлеперадачы. У сюжэце паведамілі пра амэрыканскага дыплямата-эратамана, які сустракаўся зь непаўнагадовай прастытуткай. У якасьці доказу прадэманстравалі відэа зь дзьвюма голымі дзяўчынамі й адным мужчынам.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, наркотыкі, гомасэксуалізм і сэксуальныя оргіі — складнікі арсэналу спэцслужбаў савецкага часу. Іх Лукашэнка выкарыстоўвае сёньня — каб атакаваць Бэрлін і Эўразьвяз.

На гэтым тыдні ўвага Захаду накіраваная ў бок Менску. Маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары адсочваюць сотні назіральнікаў. Хаця вынікі галасаваньня вядомыя ўжо цяпер — Лукашэнка паклапаціўся пра гэта. Напярэдадні ён падкрэсьліў, што ў рэжыму ёсьць дастакова ўлады, каб не пакінуць нічога ад унутранай і зьнешняй апазыцыі. Дзеля таго, каб кіраваць краінай да канца жыцьця, Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум і хоча яшчэ раз зьмяніць Канстытуцыю. Парасткі апазыцыі зьнішчаюцца. Рэжым закрывае недзяржаўныя мэдыі, няўрадавыя арганізацыі, забараняе партыі, накіроўвае апазыцыйных журналістаў у выпраўленчыя лягеры, дэпартуе зь Беларусі маладых нямецкіх сацыялістаў. У адказ на гэта Бэрлін, аднак, дэманструе сваю поўную бездапаможнасьць, — падкрэсьліваe “Frankfurter Allgemeine”.

Паводле аўтара артыкула, вядомага нямецкага журналіста Маркуса Вэнэра, міністар замежных справаў ФРН па-ранейшаму мала цікавіцца Ўсходняй Эўропай па-за межамі Эўразьвязу. Беларуская пытаньне закранаецца ў часе сустрэчаў паміж нямецкім бундэсканцлерам і расейскім прэзыдэнтам у шэрагу другарадных праблемаў. Канкрэтныя прапановы нямецкай апазыцыі адносна зьмены палітычнага курсу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску былі адхіленыя парлямэнцкай большасьцю Бундэстагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG