Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здані, прывіды, пужалкі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае фальклярыст Лія Салавей.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Творчае ўяўленьне нашых продкаў насяліла ўсе куточкі свайго абшару безьліччу міталягічных пэрсанажаў — гаспадароў, даглядчыкаў, ахоўнікаў пэўных мясьцінаў: палёў, лясоў, балотаў, рэчак і азёраў, а таксама сваіх сялібаў, гаспадарчых пабудоваў і да т.п. Паводле сваіх уласьцівасьцяў, гэтыя пэрсанажы былі амбівалентнымі, але зь цягам часу пераважна перайшлі ў разрад дэманічных істотаў. Гэта — вядомыя ўсім дамавікі, хуты, палевікі, лесавікі, вірнікі, аржавейнікі, балотнікі, а таксама пэрсаніфікацыі шматлікіх хваробаў і прыродных стыхіяў. А як суадносяцца са сьветам названых мітычных пэрсанажаў, гэтак характэрных для беларускай вуснапаэтычнай творчасьці, здані, прывіды, пужалкі?”

(Лія Салавей: ) “Здані — гэта візуальныя вобразы, што час ад часу ўзьнікаюць перад вачыма асобных людзей. А потым бясьсьледна зьнікаюць. Міталягічныя пэрсанажы, ці, як іх назваў Мікалай Нікіфароўскі, “дэманападобнікі”, вельмі добра апісваюцца паводле сваіх функцыяў, па месцах “жыхарства”, па характарах і звычках, але вельмі адцягнута па зьнешнім выглядзе. Лічылася, прыкладам, што ў кожным хляве жыве хлеўнік і неяк сябе выяўляе, але, як правіла, яго ніхто ня бачыў. Здань жа — гэта тое, што можна ўбачыць, але што азначае яе зьяўленьне ў бальшыні выпадкаў адразу не расшыфроўваецца. Чалавек часта толькі потым дадумваецца, што ён сутыкнуўся са зданьню, а часам і не дадумваецца”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, у якіх візуальных вобразах звычайна зьяўляюцца здані перад вачыма людзей?”

(Салавей: ) “Часам здані паказваюцца ў выглядзе асобных людзей ці групаў людзей. Могуць яны ўяўляцца таксама ў выглядзе ката, сабакі, барана, ваўка ці зграі ваўкоў, зайца. Таксама здані могуць уяўляць слуп, капу сена, нейкі будынак або прыродны аб’ект”.

(Ракіцкі: ) “Калі ласка, крыху падрабязьней: як выглядаюць здані, калі яны паказваюцца ў абліччы чалавека?”

(Салавей: ) “Пераважна яны тады падобныя да звычайнага чалавека – прыкладам, суседа. А часамі выглядаюць ценем чалавека”.

(Ракіцкі: ) “А кажуць, што для зданяў характэрныя пэўныя колеры строяў, у якіх яны зьяўляюцца перад вачыма чалавека. Гэта зьвязваюць найчасьцей зь белым ці чорным колерамі”.

(Салавей: ) “Так. Але гэта хутчэй сымболіка. Раней беларусы былі вельмі чуйнымі на сымбалізм колераў. Скажам, здань чорнай панны — гэта ўжо вельмі пагрозьліва, зьвязаная яна з чорнымі чарамі. А белае адзеньне, у якім зьяўляюцца здані, сымбалізуе сьвятасьць і бяскрыўднасьць. Часам узьнікаў прывід нявінна забітай. Гэтаксама як здань зьяўляецца анёл у белым”.

(Ракіцкі: ) “А якімі гукамі дапаўняюцца візуальныя вобразы зданяў?”

(Салавей: ) “Яны могуць сьпяваць, плакаць, сьмяяцца, клікаць людзей да сябе: “Да нас, да нас ідзіце!..” Яны функцыянальна апраўданыя. Вось адзін з расповедаў пра сустрэчу са зданьню:

“Зь вёскі Барташэ дзядзька Станцаль, Паўлюка прадзед, ішоў дадому. І на Кайтановым балоце сустракае яго сабака іхні Рабчык. А ўжо было цёмна, і дзядзька абрадаваўся сабаку. “Ай ты маладзец, бач, дзе ты мяне сустрэў” — кажа ён. А сабака гэты падскаквае, забаўляецца. Дзядзька ідзе сабе за ім і ідзе. Потым аглядзеўся кругом — не пазнае месца. Але нічога — далей ідзе. Падышоў да лесу, залез на пень, разьдзеўся і заснуў, як бы ў сябе дома на печы. Рана прачнуўся, глядзіць — а ён зайшоў за пяць кілямэтраў ад дому”.

(Ракіцкі: ) “На чым трымалася вера людзей ў сапраўднасьць бытаваньня і дзейнасьці прывідаў?”

(Салавей: ) “Людзі верылі ў несьмяротнасьць душы і ў тое, што жыцьцё не спыняецца пасьля фізычнай сьмерці, што душа можа лятаць, зьяўляцца, набываць розныя формы. І яшчэ тут накладаецца перакананьне, што чалавек і розныя істоты могуць мяняцца месцамі — знаходзіцца ў ланцугу мэтамарфозаў. Душа можа дзейнічаць як у чалавеку, гэтак і пераходзіць у дрэва, расьліну, камень, рэчку…”

(Ракіцкі: ) “Ці зьвязаныя здані, прывіды з гэтак званым падземным сьветам духаў?”

(Салавей: ) “Часта прычынаю зьяўленьня зданяў якраз і служыць гэты падземны сьвет. Нячысьцікі розныя таксама маюць уласьцівасьць перакідвацца ў розныя прадметы і жывых істотаў. Прыкладам, людзі бачаць ідзе чорны кот ці сабака бяжыць, круцячы хвастом, а на самой справе гэта нячысьцік узяў такую форму, каб зьвесьці чалавека”.

(Ракіцкі: ) “Дзе звычайна любяць зьяўляцца здані? Ці ёсьць у іх нейкія ўлюбёныя месцы?”

(Салавей: ) “Гэта месцы, так бы мовіць, сакральна вылучаныя — могільнікі старыя, закінутыя, у чымсьці рамантычныя. Натуральна, руіны замкаў, палацаў, культавых збудаваньняў. Зноў жа, крыжавыя дарогі, месцы, дзе адбыліся забойствы, дзе схаваныя заклятыя ці зачараваныя скарбы. Але можа адбыцца сустрэча з прывідам у зусім звычайным месцы”.

(Ракіцкі: ) “Чаго здані патрабуюць ад людзей, калі зь імі сустракаюцца?”

(Салавей: ) “Шмат выпадкаў, калі здані толькі паказваюцца і ніяк не рэагуюць на прысутнасьць чалавека. Часам здані клічуць людзей рухацца кудысьці разам зь імі. Бываюць і драматычныя сутыкненьні. Увогуле чалавек звычайна баіцца, калі здані за ім рухаюцца. Ён уцякае, і здань бяжыць за ім. Здані часам даюць знак, каб чалавек нечага не рабіў, а часам здані нечага патрабуюць ад жывых.

Так, адзін чалавек у маладосьці з рэўнасьці забіў сваю жонку, адпакутаваў кару, вярнуўся дадому і працаваў шафёрам. Колькі разоў ён ні езьдзіў міма таго месца, дзе адбылася трагедыя, у ягонай машыны заўсёды глухнуў матор, і зьяўляўся прывід ягонай маладой жонкі. Урэшце ён усё зразумеў. І аднойчы выйшаў ён з кабіны, стаў на калені, зьняў шапку, перахрысьціўся стаў прасіць дараваньня, літасьці. Ад таго часу ні здань не зьяўлялася, ні машына не псавалася. Часам душы нябожчыкаў, патрывожаныя чалавекам, выказваюць незадаволенасьць і могуць уяўляць пэўную агрэсіўнасьць. Вось адзін расповед на гэтую тэму:

“У адной мацеры часта дзеці паміралі, ну яна вельмі плакала па іх. Кажа аднаго разу: “Пайду я ў капліцу, стану за дзьвярыма, як будуць ісьці, можа, убачу іх”. Ну, і пайшла, пайшла і стала каля сьцяны ў сенячках, мяшком засланілася. Бачыць: ідуць мёртвыя, ідуць, ідуць, а дзяцей не відаць. А тады бачыць: ідуць і дзеці яе і кажуць: “І чаго гэты наш мяшок тут стаіць?” Дык яна тады ходу адтуль, а яны ўсе за ёю, дык яна, бегучы, зьняла зь сябе кажушок і кінула. А назаўтра прыйшла паглядзець на тое месца, бачыць: ляжыць кажушок. Толькі ўвесь на шматкі падраны”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, а якія здані найболей небясьпечныя для людзей?”

(Салавей: ) “Тыя, якія ствараюцца чарцямі лазатымі. У іх на ўзбраеньні шмат розных штук дзеля згубы даверлівага чалавека, асабліва схільнага да выпіўкі. Любімым жарцікам балотных гарэзьнікаў зьяўляецца наступнае: скінуцца вялікім чорным баранам або зрабіць такім вялікім прыдарожны камень, бляяць за ім, каб прыпозьнены чалавек паквапіўся забраць жывёліну на воз. Камень цяжкі, небарака пыхціць-спрабуе ўсьцягнуць яго на воз, а чэрці сьмяюцца зь яго. А як воз пад’едзе да месца асьвячонага, чары зьнікаюць, а чалавек ня можа ўцяміць, што ён такое рабіў, чаму ўзваліў на воз такі вялікі камень?”

(Ракіцкі: ) “А ці існуе ў чалавека страх перад нейкімі невытлумачальнымі гукамі, якія невядома адкуль ідуць? Ці ёсьць гукі-здані?”

(Салавей: ) “Гэта асобны разьдзел гукавых вобразаў-пужалак, якія часам узьнікаюць паралельна з вобразамі візуальных зданяў. А самі выступаюць асобна. Яны бываюць у адкрытай прасторы, прыкладам, плач дзіцяці ў лесе: чалавек ідзе і чуе дзіцячы плач то з аднаго, то з другога боку. І чалавек круціцца па лесе, ідучы на гэты плач. А пасьля высьвятляецца, што ён заблукаў. Найдакучлівей гэтыя гукі праяўляюцца ў доме. Іншы раз выразна чуецца, нібы сьвежы нябожчык ходзіць: патрэсквае столь, шуршыць нешта па сьценах, нешта так стукае, пужае ў доме, што людзі пакідаюць дом”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, вы вельмі цікава і пераканаўча распавядалі пра здані, прывіды, што нашыя слухачы, я думаю, паверылі ў іхнае існаваньне. У гэтым разе я, натуральна, хачу запытацца ў вас: дык як жа абараняцца ад іх?”

(Салавей: ) “Рэкамэндавалася знакам крыжа. Вось адна з гісторыяў:

“Ішла я раз у Любушаны. Праходзіла цераз рэчку ў луг. Кладзішча было з паўкілямэтра. Іду і бачу, што з кладзішча ідзе ня то жанчына, ня то мужчына ў белым адзеньні, ідзе прама на мяне. Ужо аставалася мэтраў пяцьдзесят. Калі я глянула, аж гэта нешта ў белым падобна на чалавека. Я спужалася, спынілася, валасы сталі дыбам. Успомнілася, што маці гаварыла: “Калі якое табе будзе зданьнё, то ты перахрысьціся. Я тры разы перахрысьцілася — і дзе што было! Прама на вачах растала…”

Па-другое, месцы, на якіх часта здараліся прывіды, трэба было асьвячаць. Там ставілі крыжы прыдарожныя. Але ўсё роўна, як далей адыдзеш, усё роўна там здаецца”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, сёньня мы жывем у зусім іншым часе, часе кампутарызаваным, інфармацыйным. Сёньняшні чалавек зусім іншы, чым той, архаічны, пра якога мы гаварылі. І тым ня меней, і сёньня яшчэ людзі вераць у невытлумачальнае. Дык што ж можна сказаць пра лёс архаічных уяўленьняў, вераваньняў і вобразаў нашага народу ў новай рэальнасьці?”

(Салавей: ) “Наагул, вера людзей у цуды незьнішчальная. Сьвет нязнанага большы, чым сьвет знанага. І многае залежыць ад псыхалёгіі. Чалавек даверлівы, уразьлівы звычайна і трапляе ў сытуацыі, калі яму бачацца прывіды. Лёс і зданяў, і дэманалягічных пэрсанажаў агульны. З часам мяняецца ляндшафт зямлі — асушаюцца балоты, будуюцца новыя дарогі, людзі ня ходзяць па цемры пехатою. А ўжо калі на самаходзе едзеш, дык ня бачыш, якая густая цемра, якія цікавыя вобразы ў ёй нараджаюцца, якімі цікавымі гукамі яна напаўняецца”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, вось такую сытуацыю паэтычна падсумаваў яшчэ Максім Багдановіч:

Стаяў калісь тут бор стары, І жыў лясун у тым бары, Пасеклі бор, лясун загінуў, Во сьлед яго ад той пары: Сваё люстэрка ён пакінуў.

Як у нязнаны сьвет акно, Ляжыць халоднае яно, Жыцьцё сабою адбівае, І ўсё, што згінула даўно, У цёмнай глыбіні хавае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG