Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Абрамава патрабуе стварыць умовы для бясьпекі сваіх агітатараў


Валер Каліноўскі, Менск Супернік Міколы Статкевіча ў выбарах дэпутата парлямэнту па Каліноўскай выбарчай акрузе Вольга Абрамава сёньня падала скаргі ў акруговую камісію й Першамайскае РУУС Менску. Яна заяўляе пра інцыдэнт падчас яе сустрэчы з выбаршчыкамі ў мінулую пятніцу з удзелам невядомых, якія спрабавалі сарваць яе выступ.

Вольга Абрамава заявіла “Свабодзе”, што падчас яе сустрэчы з выбаршчыкамі ў двары дома на плошчы Калініна ў Менску прыбыло каля дзесятка невядомых, якія спрабавалі выдаць сябе за мясцовых жыхароў. Яны пачалі дыскрэдытаваць яе заявамі аб тым, што як дэпутат яна нібыта адмовіла ім у прыёме, што ня выканала абяцаньне пабудаваць дзіцячую пляцоўку, і ўрэшце пачалі выкрыкваць заклікі, каб людзі галасавалі не за яе, а за Міколу Статкевіча. Паводле спадарыні Абрамавай, адзін зь іх, у камуфляжнай форме, быў відавочна нападпітку й закрычаў, што яе ўвогуле трэба расстраляць.

Далей невядомыя пачалі штурхаць жанчын, і нават намагаліся пабіць аднаго з прысутных жыхароў дому, які за іх заступіўся.

Была тэрмінова выкліканая міліцыя, якая спыніла напружанасьць, кажа спадарыня Абрамава, аднак асобы правакатараў не былі ўстаноўленыя, і яны неўзабаве зьехалі.

Сама спадарыня Абрамава ўпэўненая, што гэта былі людзі Статкевіча – верагодна, як і ён, былыя вайскоўцы. Вольга Абрамава заявіла Свабодзе, што перадвыбарчая сытуацыя відавочна абвастраецца, і цяпер яна пабойваецца за бясьпеку сваіх валянцёраў, якія працуюць на ўсіх адведзеных у акрузе пляцоўках для агітацыі.

Вольга Абрамава ў сваёй заяве ў акруговую камісію запатрабавала высьветліць, ці мае адносіны яе канкурэнт Мікола Статкевіч да пятнічнага інцыдэнту. У Першамайскае ўпраўленьне міліцыі Менску яна накіравала зварот з патрабаваньнем забясьпечыць патруляваньне 12-ці пляцовак, адведзеных у акрузе для агітацыі кандыдатаў у дэпутаты.

А вось як адрэагаваў на заяву Абрамавай сам М. Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэта клопат кандыдата ад улады спадарыні Абрамавай. Гэта ня першая правакацыя. Напачатку выбарчай кампаніі, збору подпісаў, спадарыня Абрамава казала, што нібыта члены маёй ініцыятыўнай групы напалі на членаў ейнай агітацыйнай групы, забралі пасьведчаньні й гэтак далей. Потым высьветлілася, што гэта лухта. Я на гэтыя ўсе выпадкі рэагую так: калі ласка – у міліцыю, у суд, хай пасадзяць тых злачынцаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG